Читаем онлайн «Тарасова доля»
Янка Купала Тарасова доля
Памяці Тараса Шаўчэнкі
I
Ходзіць гоман па Ўкраіне
У святочных шатах...
Гаманіць Дняпро са стэпам
Аб вялікім святу.
Тую долю, што калісьці
Тарас напрарочыў, -
Тую долю чуюць вушы,
Бачаць ясны вочы.
Тая воля, на якую
Тарас спадзяваўся,
Загуляла ў буйным стэпе,
Сонцам абвілася.
Тое шчасце, аб якім так
Тарас вечна марыў,
У народзе на свабодзе
З Крамля гаспадарыць.
Добрым словам памінае
Вялікага сына
Украіна маладая,
Вольная Ўкраіна.
II
Як раджала яго маці, -
Не свяцілі зоры,
Зубы скаліла няволя,
Хахатала гора.
Песень радасных, вясёлых
Над яго калыскай
Не спявалі маладухі
Ні здалёк, ні зблізку,
А як вырас, як падняўся,
На свае стаў ногі,
Следам - паншчына, батрацтва,
Панскія парогі.
Крукам гнуўся перад панам,
Уздыхаў нясмела,
Катавалі батагамі
Юнацкае цела.
Энгельгарты, Энгельгарты!
Ўжо вам не паўстаці, -
Адамсціла Украіна
За дзяцей і маці.
III
А было ў тыя часіны
Цёмна, бы ў магіле,
Людзі гінулі, як мухі,
Ці, як здань, блудзілі.
Ні святла таго, ні ўсмешкі
Хоць бы на хвіліну, -
Ночка хутала Ўкраіну,
Ці ж толькі Ўкраіну?!
І скрыпелі, і бразджэлі
Ланцугі наўкола,
Панства людам гандлявала,
Як нямой жывёлай.
Прадавала і мяняла,
Ў карты прайгравала,
Крыві, слёзам канца-меры
Бядняцтва не знала.
Гэткай катаргі і мукі
Пяром не апішаш.
Прамінула. Толькі думку
Успамін калыша.
IV
Нарадзіўся на свет белы
І Тарас у путах,
А нялёгка, ой, браточкі,
Змалку быць закутым!
Я таксама нарадзіўся
Ў ланцугах пад царам.
Спапяліў бы ту часіну,
Каб я мог, пажарам!
Прайшлі годы. Тарас вырас,
Як таполя ў полі.
Выкуплялі добры людзі
Тараса з няволі.
Як браў грошы пан вяльможны
Рукою паганай,
Кроў блішчэла на дукатах,
Кроў людзей скаваных.
Кроў скаваных бацькі, маці,
Скованага сына,
Кроў блішчэла на дукатах
Скутае Ўкраіны.
V
Па гасцінцы беларускім,
Ў Пецярбург з Варшавы,
За карэтаю за панскай
Пхнецца хлопец жвавы.
Гэта йдзе Тарас-нявольнік,
Служка ясне-пана,
Пан у золаце. Ён бедны,
Босы, абарваны.
Беларускія бярозы
Абапал гасцінца
Калыхалі думкі шумам
Хлапчуку-ўкраінцу.
Бор шумеў яму над вухам,
Булькалі крыніцы, -
Маладому, дасціпному
Было чым дзівіцца.
Бачыў ўбогія хаціны,
Крытыя саломай,
Людзей бачыў паднявольных,
Што і ў сябе дома.
VI
Чаму ў сэрцы беларускім
Песня Тарасова
Адгукнулася, запела
Зразумелым словам?
Чаму вецер з Украіны
З думкаю крылатай
Далятаў да Беларусі
І шумеў над хатай?
Бо йшла доля беларуса
З доляй украінца
Адналькова - ў поце, ў слёзах,
Церневым гасцінцам.
Бо згіналі адналькова,
Змалку да сканання,
Шыі ў ёрмах і
