РуЛиб - онлайн библиотека > Гусоўскі Мікола > Старинная литература > Песьня пра зубра > страница 2

Читаем онлайн «Песьня пра зубра» 2 cтраница

тваіх продкаў і тваёй найславуцейшай з арагонскага дома сям'і, больш дасканалым з усіх форм дабрачыннасьці, калі на іх грунтоўна глядзець і ў мірны час, і ў вайну, і ў справе рэлігіі? Але і яны ніколі не напоўнілі б землі сьвету гэткай агромністай славай жыцьця і подзьвігаў з прыязьню ўсяго пакаленьня і не паказалі б сябе ў такім дзівосным сьвятле ў розных выпрабаваньнях лёсу перад нашчадкамі, калі б іх уласная вучонасьць і ўласьцівая гэтаму роду асаблівая прыхільнасьць да вучоных мужоў ня ўзнеслі б іх на такую вышыню, што яны былі ўслаўлены звонкай лірай вялікіх талентаў; таму мне застаецца заслужана маўчаць пра іх, асабліва тут, дзе я падпарадкаваны непазьбежнаму закону выказвацца сьціпла.

Жадаю здароўя і быць вартай свайго славутага роду.

1

Будучы ў Рыме, зь вялізным натоўпам пасполу,
Бачыў аднойчы я гульні, што ўсе з захапленьнем віталі:
Жорсткую бойку быкоў, гледачам на пацеху.
Лётныя стрэлаў раі ды бліскучыя дзіды
Ранілі целы жывёлаў і боль ім чынілі нясьцерпны,
Аж вар'явалі ахвяры, іх лютасьць, як пена ўскіпала…
Тут вось, пакуль я глядзеў на быкоў ашалелых,
Спуджаных болем ды пляскам далоняў з трыбунаў,
З нашых сказаў хтось: «Зусім як на ловах зубровых!»
Я пагадзіўся, і ўсьлед, тутка ж пачаў успаміны
Ходаньняў, дзіўна падобных, із волатам-зьверам.
Як у той прыказцы, мне ж мой язык і пашкодзіў:
Усьлед атрымаў я загад без адмовы й адкладу
Выліць у верш мой спамін пра зубровыя ловы.
Бачыце, я — між паэтаў прыпадкам выбраны —
Песьню складаю аб нашым зьвяры невядомым,
Дзівам зь вякоў захаваным пад зоркай паўночнай…
Ён, што абвешчаны ў сьвеце крывавым забойцам,
Часта ў мяне выклікаў смак жуды ці агіды,
Мне так нясвомы, і сорам прызнацца, што скуру
Часам уцёкамі я ратаваў, ажно людзі
Ўсьлед мне плявалі, бо ў нас баязьліўцаў ня любяць.
Тут, з ганаровым заданьнем, ды большаю мо небясьпекай,
Змушаны буду я выявіць зручнасьць са зброяй
Гэтак нязвычнай руцэ, муштраванай на луку.
Ўзяў, дрыжучы, я пяро і баюся пад гэтым цяжарам
Ці мо палегчы, няўдольнасьць засьветчыўшы гэтым,
Ці можа дзёрскасьцяй страх патаптаць і скарыцца
Волі вялікага мужа, каму забавязаны ўсім я.
З гэтаю думкаю буджу я крыніцу натхненьня:
Рынь і паймкні жыцьцядайнай вадою айчыны,
Піць дай пасеву майму на некраненым полі!
Бо ж на зямлі Італійскай, даўней нам нязнанай,
Мне загадалі тварыць маю песьню, — з пакорай
Я пагадзіўся і вось — пільна ўзяўся за працу,
Нат без надзеі, што ўсё будзе ў ёй дасканалым.
Ўсё ж запытацца хачу я, і болей нічога,
Як, чытачу мой, даць рады зь пяром неслухмяным?
Ведаў дасюль я ж адно лёт апераных стрэлаў,
З гэтых бачын устае уваччу вобраз бою,
Сутычкі сьмяротныя, рой дзідаў імклівых, гудлівых…
З лукам мне радзіць лягчэй, а табе — ізь пяром наравістым.
Роўнымі быць мо маглі б мы з табой у майстэрстве.
Што ж, як ня ўсё мне ўдасца, дык права за вамі:
Рвеце бязьлітасна сказ чужаземца-няўмекі.
Ёсьць падабенства ў пяра і стралы — у абодвух
Роўныя джалы й калі іх напоіш атрутай,
Ранкі даволі малой, каб паранены зьгінуў.

2

Вейкі стулю й быццам бачу іх стойбішча знову:
Ельнік правечны і ён, паміж елкаў схаваны.
Грозны, пануры, як бор, як бароў небясьпека.
А зараве, зарыкае — і ў верш уварвецца
Рэхам раскоцістым гром, — вось і гармонія песьні.
Хай яна поўніць радкі, аж прыгледземся пільна
Пушчаў далёкай Літвы тут нязнанаму дзіву.
Целам сваім маналітным ён гэткі вялізны,
Што, калі з ранай сьмяротнай падзе на калены й сканае,
Трох паляўнічых маглі б сесьці на йлбе між рагамі.
А параўнаць паспытацца ягоную шыю ці пысу —
Дык параўнаньняў, баюся, такіх і ня знойдзеш.
Жмут барады рыжым вехцем тырчыць з гарлавіны,
Поўныя злосьці застыглай і полымя вочы,
Грыва калматая з плечаў магутных спадае,
Лоб і грудзіну й калены цалком накрывае.
Возьмем калі ж параўноўваць малое зь вялікім
Ды як падыйдзе мясцовае ў нас параўнаньне, —
Гэта казёл барадаты з распасьвеным целам.
Вось ён які, наш бізон, што ў нас зубрам завецца!
Поўсьці прысмажанай ён, чорнай з бурым, як быццам
Водбліск закалкі ад горна мінулых стагодзьдзяў.
Дзіўна, ды ў кнігах пісалі аб ім недакладна,
Я ж не павінен уявай псаваць тут натуру.
Дзе ж гэта бачыў хто рожкі ў зубравых храпах?
З выгляду зубар ня праўдзіць свае апісаньні,
Што прыпісаць усю моц намагаліся пысе.
Не, не такі