РуЛиб - онлайн библиотека > Народные сказки > Сказки для детей > Беларускiя народныя казкi > страница 28

Читаем онлайн «Беларускiя народныя казкi» 28 cтраница

табакерку.

— Толькі, кажа, — прысягні, што ты сама безь мяне ніколі яе ў рукі ня возьмеш.

Прысягнула жонка, а потым зноў прыстала да яго:

— Хачу жыць у замку на высьпе! Загадай свайму памочніку, каб зрабіў мост.

Янка не пасьмеў пярэчыць: адчыніў пры жонцы табакерку, загадаў памочніку — і стаў мост.

Пераехалі яны ў Зьмеяў замак. Жонка кажа:

— Ня зьнімай маста: мы будзем па ім на бераг езьдзіць — у госьці да бацькі і куды захочам.

Пажылі яны колькі дзён у замку. Захацелася Янку на паляваньне паехаць. Узяў ён лук, катка і мышку, каб весялей было ў дарозе, і паехаў па мосьце на бераг.

Толькі сышоў ён на бераг, як бачыць — ня стала за ім маста! «Што за дзіва?» — думае Янка. Мац у кішэню — аж няма табакеркі! Катка ўзяў, мышку ўзяў, а табакерку забыўся…

Тут ён аб усім здагадаўся.

«Вось табе і прысяга каралеўны! — падумаў сам сабе засмучаны Янка. — Я яе зь бяды выбавіў, а яна мне за дабро злом заплаціла. Цяпер зноў давядзецца ісьці ў сваю хатку і галадаць, як раней».

Сеў ён на беразе мора і аж заплакаў ад крыўды. Раптам чуе — мышка скрабецца ў кішэні. Высунула адтуль галоўку і пытаецца:

— Чаго плачаш, добры чалавек?

Расказаў ёй Янка пра сваю бяду.

— Нічога, — суцяшае яго мышка, — гэтай бядзе мы дамо рады.

Пашапталася яна аб нечым з катком, потым села яму на сьпіну, і паплылі яны цераз мора. Даплылі да замку. Тут каток схаваўся ў садзе, а мышка прабралася праз шчыліну ў пакой да каралеўны. Доўга сядзела яна там, цікуючы, дзе каралеўна хавае табакерку. І дагледзела-такі — у драўляным куфэрку!

Уночы, як лягла каралеўна спаць, прагрызла мышка куфэрак, схапіла табакерку ды пабегла ў сад да катка.

— Ёсьць, — кажа, — залатая табакерка!

— То садзіся зараз-жа мне на сьпіну! — загадаў каток. — Паплывем назад.

Села мышка яму на сьпіну, каток і паплыў, фыркаючы па хвалях.

Даплылі ўжо траха не да берагу. Каток пытаецца ў мышкі:

— Ці ня згубіла ты табакеркі?

— Не, — кажа мышка, — вось яна!

Падняла табакерку, каб паказаць катку, ды ня ўтрымала: табакерка плюх у мора!

— Ах ты, недарэка! — узлаваўся каток. — Што-ж ты нарабіла?

Выплыў ён на бераг і схапіў мышку зубамі:

— Я цябе задушу!

Убачыў гэта Янка, адабраў мышку. А як даведаўся, што здарылася, дык зноў сеў каля мора і моцна заплакаў — так шкада было яму табакеркі!

Раптам з мора паказалася галава серабрыстай рыбкі:

— Чаго ты плачаш, добры чалавек? Раскажы мне: можа я табе ў чым дапамагу за тое, што ты калісь збавіў мяне ад сьмерці?

Прыгледзеўся Янка — пазнаў тую рыбку.

— Эх, — цяжка ўздыхнуў ён, — вялікая, рыбка, у мяне ўтрата…

І расказаў рыбцы пра сваю бяду. Выслухала яго рыбка і кажа:

— Гэта бяда — не бяда! У мяне тут у моры табакерак колькі хочаш. Я буду выкідаць, а ты пазнавай, якая твая. Сваю забярэш, а мае мне назад кінеш.

Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора.

Неўзабаве пачала яна шпурляць на бераг табакеркі — залатыя, сярэбраныя, дыямэнтавыя, маленькія і вялікія. У Янкі аж уваччу мітусіцца ад табакерак. Давай ён пільна прыглядацца да іх, і нарэшце-такі ўбачыў сваю.

Зарадаваўся Янка, павыкідаў у мора лішнія табакеркі і крыкнуў да рыбкі:

— Дзякую, даражэнькая! Збавіла ты мяне ад бяды.

Адчыніў ён сваю залатую табакерку. Выскачыў зь яе чалавечак:

— Што загадаеш, гаспадар?

— Апошняя мая просьба да цябе, добры мой памочнік, — кажа Янка: — аблажы ў поўнач саломаю Зьмеяў замак на высьпе і спалі яго.

— Добра, гаспадар! Будзе зроблена.

Дачакаўся Янка поўначы і, як зашугаў Зьмеяў замак, пайшоў адсюль з катком і мышкаю шукаць лепшых людзей.