РуЛиб - онлайн библиотека > Баршчэўскі Ян > Классическая проза > Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях > страница 3

Читаем онлайн «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» 3 cтраница

«Русалка»[19], ўзятая з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім каханым, спявае:

Гусанькі, лябёдэнькі,
Скіньця мне па пёрэчку,
Я з вамі полечу.
Бываюць тут часамі ў нядзелю кірмашы; людзі збіраюцца з бліжэйшых вёсак у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сіраты над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы, — яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі. Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу карчмы; тут з’яўляецца некалькі жыдкоў[20] са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда[21]. Распачынаецца музыка[22] пад адкрытым небам; малады хлопец, і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкаю, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А журботныя плачкі, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілаю мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды:

Слава тобе, Хрыстэ цару,
Што мой муж на цмэнтару,
І бяды позбылася,
І гарэлкі напілася.
Або таксама:

Калі ж тая серада прашла,
Як ня еўшы на прыгон пашла,
Весь дзень жала, ня лянілася,
Злому войту пакланілася;
А цяпер жа ні а чом тужыць,
І войт п’яный у карчме ляжыць.
У большасці песень гэтага простага люду, як у словах, так і ў мелодыі, ёсць нешта меланхалічнае, і нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу… Але вясельныя абрады адметныя рыцарскім запалам; малады, перш чым стаць ля парога бацькоў нарачонае, прывучае свайго каня не баяцца агню і кідацца ў полымя, апасля такое падрыхтоўкі, сабраўшыся ехаць да свае нарачонае, ён і яго дружына надзяваюць чырвоныя шапкі, звешваюць на грудзі чырвоныя хусткі ды імчацца праз горы да дому, дзе іх чакаюць нявеста і госці. Перад варотамі яны спыняюцца; салома шугае полымем, ён і дружына пераскокваюць яе наўскач на ўдалых конях, але і тут яшчэ запаленыя пучкі саломы, якія кідаюць коням у вочы, не дазваляюць заехаць у адчыненыя вароты; яны адольваюць усе перашкоды; малады са схіленай галавою ўваходзіць у хату, сядае за сталом, чуецца песня «Баслоў Бог вяселе іграць»[23], і тут пачынаецца блаславенне маладых і вясельны баль. Але ў часе таго балю здараюцца розныя незвычайныя выпадкі.

Беларусь, як і іншыя народы, памятае яшчэ некаторых сваіх міфалагічных бажкоў. Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог — пан дзікіх пустэльняў; каб чалавечны зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размаітымі выглядамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі хваінамі. Ён апякун звяроў і лясных птушак. Кажуць, што бачылі велізарныя чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з аднае пушчы ў другую; ён рабіў гэта, каб выратаваць іх ад агню, бо прадбачыў, у якім баку выбухне пажар.

Урачыстасць Купалы вядома амаль усім славянскім народам. На Беларусі 23 чэрвеня[24], пасля захаду сонца, адбываецца Купальня, або Свята Купалы; уначы шукаюць скарбаў; самы шчаслівы той, каму пашанцуе сарваць кветку папараці; яго зрок прыкмячае закапаныя ў глыбіні зямлі скарбы, і ён столькі можа мець золата, колькі сам захоча. Кабеты разам з юнакамі і дзяўчатамі каля вогнішчаў са смаловага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песні:

Іван да Марія,
На гарэ купальня,
Гдзе Іван купаўся,
Бераг калыхаўся;
Гдзе Марія купалась,
Трава разсьцілалась.
Ды іншыя падобныя песні гучаць у полі, аж пакуль сонца не зайграе на небе.

Ноч Купалы ў тым баку Беларусі поўная незвычайных здарэнняў. На думку простага люду, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца. Рыбакі бачаць паверхню возера, пакрытую часам белым, нібы месячным бляскам, і хоць неба яснае і паветра спакойнае, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваюцца на кроплі, якія, нібы зоркі, свецяцца ў паветры. І гэтае цудоўнае відовішча на зарослых чаротам берагах абуджае дзікіх качак ды іншых вадзяных птушак, якія, прывабленыя дзівосным свячэннем вады, уздымаюцца тут і там над ясным возерам.

Дрэвы ў лесе таксама могуць пераходзіць з аднаго месца на другое; шумам сваіх галін яны размаўляюць паміж сабою; апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў зямлі, але і