Читаем онлайн «Вітраж» 56 cтраница
рысамі рускага чалавека: добры, праўдзівы, высакародна сардэчны, а гэта — вельмі нямала i не так ужо часта трапляецца.
Другая праўда — трохі прасцейшая, нават са шчылінкамі для розных падтэкстаў ды скепсісаў: сусед заўважыў, што я чытаў яго новую кнігу...
I трэцяя, горкая праўда,— як мала мы, хто піша сам, чытаем адзін аднаго, як рэдка, як неахвотна гаворым другому пра шчасце, адчутае над яго старонкамі! I як такая абыякавасць яшчэ больш ледзяніць i хмарыць нашу адзіноту!..
Мае ўражанне ад суседавай кнігі я яму перадаў. Мы робім так узаемна i ўжо даволі даўно.
Думка, што пра старое крэсла на сцяжыне варта было б запісаць, спачатку прыпалохала мяне... немужчынскай сентыментальнасцю.
Падзякаваць за такую... ну, вельмі прыемную дробязь проста вось так, непасрэдна — я не змог.
Калі мы развіталіся на золкім аўтобусным прыпынку, я пажадаў яму як найхутчэй вярнуцца ў наш ціхі драўляны дом.
— Тады ўжо я прыму з-пад вашага акна вуголле.
Ён усміхнуўся.
Навошта толькі, дружа мой, так сумна?..
