РуЛиб - онлайн библиотека > Барадулін Рыгор > Поэзия > Босая зорка > страница 16

Читаем онлайн «Босая зорка» 16 cтраница

Пазычаны ў вечнасці час
Для нас.
*
Сумленне, як ласку матчыну.
Не купіш i ў складчыну.
*
Мама —
Пасярэдніца між Богам i сынам —
Дзеліцца небам i хлебам адзіным.
*
Слова — усяго абнова.
Душа крылатая ў слова.
*
Растаюць паціху на дне душы
Крыўдаў калючыя ледзяшы.
*
Чалавекі, як ліхтары —
У кожнага
Свечка душы ўнутры.
*
Рыжы паўсюды рыжы —
I ў Полацку i ў Парыжы.
*
Не затрымаецца й на пагосце
Душа — залётная госця.
*
Ступаць аднолькава тузе
Ці па лязу, ці па слязе.
*
А ў каго запытацца наапаслед,
I чаго ты прыходзіў
На гэты свет?
*
Зямное жыццё — для душы астрог.
Панаваць над душой
Вольны толькі Бог.
*
Бог апошнім падзеліцца ў кожнай долі
I пра гэта не напомніць ніколі.
*
Hi ў зялёны гушчар, ні ў карчы
Ад самога сябе не ўцячы.
*
На юбілеі паслухай ва ўсёй пекнаце
Toe, што ўжо не пачуеш,
Лежачы на куце.
*
Ахвяру й ката хавае
Аднолькава
Памяць жывая.
*
Спярша пад табою гаворыць зямля,
Яна ж над табой
I пашэпча пасля.
*
Вочы — люстэрка душы
На жыццёвым свяце.
Калі запінаюць люстэрка -
Вусцішна ў хаце...
*
Ні за бяседным сталом, ні ў труне —
Самім сабой чалавек
Застаецца ў сне.
*
Сподзеву няма ўжо на спатолю,
I жыццё трымаецца на болю.
*
Белую аблачынку вішні,
Здаецца, выдыхнуў Звышні.
*
Я да скону заручаны з той стараною,
Дзе мама, як зорка,
Стаіць нада мною...
*
Рáсы перамяшаліся, як лясы.
Я за чысціню расы!
*
Пакуль не наб'е сабе добры гуз,
Беларус не ўзгадае,
Што ён — беларус.

стр.