РуЛиб - онлайн библиотека > Бандарук Канстанцін > Культурология и этнография > Адзінае на патрэбу > страница 3

Читаем онлайн «Адзінае на патрэбу» 3 cтраница

ідалаў і ўсё аддаць за аўтограф або частку іхнай вопраткі. Што сказаць пра тых людзей, якія ў пару, прызначаную для багаслужбы, з разьмілаваньнем мыюць і глянцуюць свае аўтамабілі. Трапна сказаў пра сучаснае ідалапаклонства вядомы баптысцкі прапаведнік Білі Грэм: „Мы паказваем пальцам на паганцаў ды ідалапклоньнікаў далёкай мінуўшчыны, аднак адзіная розьніца паміж імі і мільёнамі сучасных людзей заключаецца ў тым, што ідалы тамтых былі зроблены з простага, груба абчэсанага каменя, а ідалы ХХ стагодзьдзя — зроблены з алюмінію і сталі, забясьпечаны тэрмастатамі і электронікай. Паглядзіце вакол сябе ў нядзелю: мільёны людзей не ідуць ні раніцай, ні вечарам у свае храмы, але сьпяшаюцца на стадыёны, у кінатэатры, у піўныя, казіно на пакланеньне сваім ідалам, імкнуцца ўсюды, толькі не на пакланеньне Богу. У царкву яны ідуць два-тры разы ў год: пераважна на Вялікдзень і Каляды. Гэтым і абмяжоўваецца іхнае хрысьціянства”.

Хрысьціянства нанесла калясальны ўдар па ідалапаклонстве першых стагодзьдзяў нашай эры. Нашы суайчыньнкі ўжо не пакланяюцца Перуну, Сьвятавіду, Дажбогу або Мокшы. Яны ў сваёй асноўнай масе — хрысьціяне, але ня лепшыя і ня горшыя за іншых хрысьціян. Як гаворыць Хрыстос Яану ў Адкрыцьці: „Зьвер мае рану ад мяча, але жывы” (13, 14). На жаль, ідалапаклонства жывое і ў наш час, таму і да нас адносіцца другі запавет Божы.

3. „Не вымаўляй Імя Госпада Бога свайго дарма...”

„Не вымаўляй Імя Госпада Бога свайго дарма, бо Госпад не пакіне без пакараньня таго, хто дарма вымаўляе Яго Імя”, — гучыць трэці запавет. Трэба адзначыць, што менавіта да гэтага запавету хрысьціяне ставяцца асабліва няўважліва і ён парушаецца часьцей за іншыя, літаральна кожны дзень. У трэцім запавеце забараняецца блюзьнерства або зьняважлівае слова супраць Бога, нараканьне на Яго, кашчунства, калі сьвятыя рэчы становяцца аб’ектамі жартаў, зьняслаўленьня, фальшывая прысяга, парушэньне абяцаньняў, дадзеных Богу і бажба. Інакш кажучы, усё, што тычыцца Бога, храму і наагул таго, што сьвятое, якое павінна быць акружана глыбокай павагай. Дарэчы тут прыгадаць малітву Гасподнюю „Ойча наш” і словы „Хай сьвяціцца Імя Тваё” (Мацьв. 6, 9), у якіх заклікаецца ўзьвялічыць і ўславіць Імя Гасподняе. Як прыклад такога ўслаўленьня ў кнізе прарока Ісаі чытаем: „Вакол яго стаялі сэрафімы... і ўсклікалі яны, і гаварылі адзін да аднаго: сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад Саваоф! Уся зямля поўная славы Тваёй” (Іс. 6, 2-3).

„Госпад Саваоф” — адно са старазапаветных імёнаў Бога. Іншыя — гэта „Ягвэ”, „Адонаі”, „Элёгім”. У Новым Запавеце часьцей за ўсё ўжываюцца імёны „Госпад” ды „Бог” і менавіта яны найчасьцей вымаўляюцца дарма сучаснымі хрысьціянамі. Што гэта значыць „дарма”. Інакш кажучы, пры ўсякім глупстве, пры дробных, неістотных абставінах, на кожным кроку. Мы вымаўляем Божае Імя ў хвіліны незадаволеньня, гневу, боязі, няўдачы, у момант разгубленасьці або нечаканасьці. Дарэмным вымаўленьнем Божага Імя зьяўляецца гэтак званая бажба, закліканьне Бога ў сьведкі, калі трэба і калі ня трэба, нават у выпадку яўнай хлусьні і няпраўды. Гэты грэх зьдзейсьніў нават Апостал Пётр. „Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека” [Хрыста] (Мацьв. 26, 74). Гэта жахліва, але так напісана ў Евангельлі. Найстарэйшы, аўтарытэтны Апостал заклікае Бога ў сьведкі, што ня ведае Хрыста.

Дарэмным вымаўленьнем Божага Імя зьяўляецца і прыпісваньне Богу нашых уласных выдумак і дзеяньняў. Безь ніякага застанаўленьня паўтараем фразы: „Бог даў”, „Бог натхніў”, „не дай Бог”, хаця на самай справе ўсё, што мы прыпісвалі Богу, было нашым маладушным жаданьнем, плянам або дзеяньнем. Інакш кажучы: Бог тут ні пры чым... Гэта зьбітая фраза і такая яе сапраўдная цана.

Трэці запавет Гасподні можна адчытаць і з гледзішча агульначалавечых каштоўнасьцяў. Калі-б імя „Бог” замяніць тым, што дарагое і сьвятое для нават няверуючага чалавека, напрыклад, „маці”, „Айчына”, „гонар”, дык выявілася-б, што інтуітыўныя адчуваньні людзей супадаюць з духам біблейскага заканадаўства. Парафразуючы трэці запавет можна было-б сказаць наступным чынам: пра вялікія рэчы гавары з павагай. Не прафануй таго, што сьвятое, узьнёслых пачуцьцяў не вынось на рынак. Не кідай — як гаворыцца ў Пісаньні — бісеру перад сьвіньні. Пазьбягай таксама высакамоўных слоў, асабліва стрымана гавары пра дабро ўсяго чалавецтва, Бога і Айчыны, бо не вядома, ці не ідзе табе пра тваё ўласнае дабро. Пра такіх людзей у адным зь фільмаў пра нямецкую акупацыю адзін з герояў кажа: „Ён ахвотна аддаў-бы жыцьцё за Радзіму, толькі здароўе не дазваляе”. Ад паўнаты сэрца хай маўчаць вусны... Калі ты разумны — маўчы, хаця ведаеш! Маўчы, калі сапраўды глыбока не перажываеш таго, што хочаш сказаць і калі сам ня верыш у тое, аб чым пераконваеш іншых. Не гавары казаняў, якіх не падмацоўваеш сваім уласным жыцьцём. Пазьбягай пафасу, не сьвяшчэннадзейнічай сваіх слоў, але проста заўсёды гавары праўду, бо інакш заблытаешся ў сваіх махлярствах і