РуЛиб - онлайн библиотека > Сяркоў Іван > Детская проза > Мы — хлопцы жывучыя > страница 3

Читаем онлайн «Мы — хлопцы жывучыя» 3 cтраница

стр.
Шэрага. Шэры ведаў, што ў шапцы ёсць морквіна, бульбіна ці якія іншыя прысмакі, і ахвотна ішоў насустрач. А тут гэтак не атрымалася. Жарабок недаверліва скасавурыўся на мяне, потым на Саньку і падаўся прэч.

Нягледзячы на худзізну, ён аказаўся даволі жвавым. Быццам бы і не было куды ўцякаць: наперадзе — дрыгва, ззаду — мы з Санькам. Тады жарабок павярнуўся назад і, чвякаючы капытамі па гразі, прабег перад самым маім носам. Санька кінуўся напярэймы, хацеў схапіць за грыву і не паспеў.

— Адзічэў ён, ці што? — здзівіўся мой прыяцель.

Доўга мы ганяліся за жарабком, а той усё не даваўся ў рукі. Мы ўжо збіраліся плюнуць і пайсці далей, шукаць нямецкі самалёт. Няхай тут калее на холадзе, калі ён такі. Але падумаем, падумаем — і шкада. Загіне. Ваўкі нападуць, ці ў балоце ўтопіцца.

Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Ці то ад стомы, ці то ад страху ён аж трымцеў. Падымеш руку, каб пагладзіць па шыі,— спалохана ўскідвае галаву. Не бойся, дурненькі, мы хлопцы добрыя! Мы цябе не пакрыўдзім, паставім у хлявок, дадзім сена. Яшчэ дзякуй скажаш.

Мы начапілі яму на шыю маю папружку ад штаноў і павялі ў сяло. Спачатку жарабок ішоў паслухмяна і толькі ў канцы Сухой грывы раптам страпянуўся, ледзь не вырваўся з рук і заржаў тонка, працяжна. У мяне аж сэрца зайшлося.

— Гэта ён па матцы,— сказаў Санька і ўздыхнуў.— Развітваецца.

Нічога, браток, цяпер не зробіш. Прывыкай жыць сам. Не маленькі. А матку забудзь. Не ўстане яна з тых аглобляў.

Так мы і ідзём дамоў утрох: я, жарабок і Санька. Саньку добра: адной рукой ён трымаецца за папружку, а другой памахвае як хоча. Мне горш: даводзіцца трымаць непадпяразаныя штаны.

Мы ідзём з Санькам і марым. Вось вырасце жарабок і стане такім прыгожым скакуном, які быў да вайны ў калгасе. Здаецца, звалі яго Буяном. Помніцца, як хлопцы-дапрызыўнікі выводзілі яго на поплаў і гарцавалі на ім па чарзе. Уздоўж дарогі яны ўторквалі ў зямлю доўгія лазіны і потым секлі іх шабляй. Даўгагрывы Буян ляцеў, нібы птушка. Такім будзе і наш жарабок. Толькі трэба ваўчкі павыскубаць з грывы і хваста.

Мы вядзём яго па перакапаных траншэямі агародах, міма нямецкіх бліндажоў; вядзём па вуліцы міма пажарышчаў. I хто ні сустрэнецца, кожны здзіўлена праводзіць нас вачамі. А мы шчаслівыя і радасныя. Успомнілася бабульчына прыказка: «Хто там ідзе?» — «Салдат каня вядзе». Наш «конь» спалохана касавурыцца на высокія закураныя коміны, што стаяць уздоўж вуліцы на чорных папялішчах, насцярожана паводзіць вушамі, раздзімае ноздры. Паветра ў сяле пахне мокрым попелам.

На Міронавым двары жарабок ледзь не ўпудзіўся. Нечакана побач з сабой убачыў чорнае абгарэлае шула і так кінуўся ўбок, што я не ведаў, за што мне хапацца: за грыву ці за свае штаны. Добра, што Санька не разгубіўся і павіс у яго на шыі.

I добра, што Санька пасля доўгай спрэчкі ўсё-такі згадзіўся весці жарабка ў наш двор. Інакш мне дома было б ад бабкі на абаранкі. «Што? — спытала б яна.— Пакармілі цябе каля самалёта?» А так не паспела спытаць, бо я зайшоў у хату і адразу пахваліўся:

— Баб, каня прывёў!

— А вала ты не прывёў? — не паверыла яна, але ўсё-такі глянула ў акно. I ўсе, хто быў у хаце — свае і пагарэльцы, дарослыя і дзеці,— прыліплі да шыб.

— Гля, і праўда! Конь!

— Як з палону ўсё адно,— уздыхнула бабка.— I чым жа яго карміць?

Дзед Мікалай таксама прыйшоў паглядзець на нашага з Санькам каня. Пакруціў свае сівыя вусы, патаптаўся, пагладзіў жарабка па спіне і сказаў:

— Стрыгунок яшчэ. Калі людзі не знойдуцца, няхай расце.

Нашы з Санькам планы на будучыню стрыгунка дзеду не вельмі спадабаліся.

— Яшчэ што прыдумайце,— бурчаў ён, выскубваючы з грывы калючкі дзядоўніку.— Скакун! Не скакун, а карміцель будзе. Трапіць у добрыя рукі — пакорміць людзей хлебам. А вы хіба гаспадары? Ахламоны вы. Дай вам волю — замардуеце.

Мы пакрыўджана маўчым. I нам ёсць чаго крыўдаваць. Ахламон — гэта чалавек, у якога ў галаве гуляе вецер. Дык няўжо і мы такія? I невядома яшчэ, хто хутчэй замардуе. Мы яго шкадаваць будзем. На дварэ цяпер холадна, і я накрыю стрыгунка нанач старой посцілкай.

— На печ яго з сабой вазьмі,— параша бабка.— А то штаны свае аддай, няхай носіць. Бач ты яго! Посцілку ўбачыў. Болей нічога твая галава не прыдумае?

Але мы хлопцы ўпартыя. Не посцілку, дык мяшок у бабкі ціхенька ўзялі. А на другую раніцу, выпусціўшы з хлява стрыгунка пагуляць, пачалі яго прывучаць да баявога імя.

— Буян! Буянчык! — крычым мы па чарзе з Санькам.

Стрыгунок стаіць сярод двара, кашлаты, худы, панура апусціў галаву, адвесіў ніжнюю губу, а ў наш бок і вухам не вядзе.

Калі хочаш вырасціць баявога каня, трэба набрацца цярпення.

Добра мне, што я Iван

Праз тыдзень-два пасля таго, як мы з Санькам прывялі ў наш двор стрыгунка, фронт пачаў сціхаць. Толькі начамі яшчэ гудуць самалёты і недзе далёка-далёка цяжка вухкаюць бомбы. Наш кульгавы сусед Захар Маляўка, ці, як завуць яго ўсе
стр.