РуЛиб - онлайн библиотека > Шырко Васіль > Сказки для детей > Дзед Манюкін і ўнукі

Читаем онлайн «Дзед Манюкін і ўнукі»

Васіль Шырко Дзед Манюкін і ўнукі

казкі

Частка першая

Самсабе

Э-э, слухайце, саколікі, шчырую праўду раскажу, дзед Манюкін не салжэ. Раней, каб вас качкі ўбрыкнулі, нячыстай сілы, ведзьмаў розных, пярэваратняў, вурдалакаў было, не раўнуючы, як тых уюноў у старой копанцы. Яно і зразумела, паначаплялі цяперака дратоў, антэны развесілі, электрыка ноччу на слупах гарыць, вось і баяцца нячысцікі падступіцца: смальне токам, чаго добрага, дык адны ножкі ды рожкі застануцца. Ці не лепш тырчаць у балоце, якое яшчэ не паспелі асушыць, і не рыпацца? А некалі, як сцямнее, нос баішся з хаты высунуць. Ужо за парогам цікуюць люцыпары, цьфу ты, не тут казана.

Сусед наш, нябожчык дзед Мікалай, неяк раз у лесе запазніўся. Вяртаўся, калі добра-такі сцямнела. Ботаў сваіх не відаць, ды што там ботаў, ткні пальцам у вока — не заўважыш. Ідзе стары: пілой падпяразаны, сякера за поясам, каб падбадзёрыць сябе трохі, сам з сабой размаўляе. «Скора ты, Міколка, будзеш дома, — гаворыць, — гарачай капусты пасёрбаеш, а там і косці на чарэні пагрэеш…» I раптам чуе — крокі за спіной і быццам сапе нехта. Аглянуўся, боркаўскі стражнік голас падае. «Ох, чуць дагнаў, — кажа, — бяжыш ты, не раўнуючы, як на пажар. Давай прысядзем, адпачнём крышку». Дзед Міколка не надта каб стаміўся, але чаму не прысесці, калі чалавек просіць. Селі на вялікі камень пры дарозе. Стражнік выцягнуў з торбы хлеб, сала, бутэльку малака. Есць і дзеда частуе. «Добры ты чалавек, Міколка, — ляпае старога па плячы. — Дару я табе стрэльбу, бяры, палюй на здароўе…» Дзед узяў стрэльбу, пацмокаў языком, вельмі ж файная, такой у яго зроду не было. Загарэліся вочы, прыдбаць захацелася. «Толькі ці грошай хопіць у мяне заплаціць?» — пытае. «Не трэба грошай, — засмяяўся стражнік, — вось дапі малако, і плата ўся…» Стары не доўга думаючы за бутэльку і кулець астаткі малака ў рот. I адразу ж быццам праваліўся некуды. Ачомаўся пад раніцу. Працёр вочы, бачыць, вакол вада, а ён сухі, сядзіць, як жаба на купіне, сярод балота. I хто толькі перацягнуў яго сюды?.. Мац пад галавой — замест стрэльбы ламачына трухлявая. Здагадаўся дзед, што нячысцік падшуткаваў над ім…

А Камізэлька цялякаўскі… з кірмашу вяртаўся. Прадаў парасят, у карчму заглянуў, падпіў трохі, едзе і песні спявае. Дабраўся, гэта, да Прудзішчаў. Тут конь перад мастком скапыціўся. «Но-о, воўчае мяса», — хвошча каня пугаю Камізэлька, а той як укопаны стаіць, ні з месца. Злез Камізэлька з воза, бачыць, баранчык звязаны на дарозе ляжыць. I вочы такія разумныя, як у чалавека: глядзіць, не змігне. «Вот пашанцавала», — падумаў Камізэлька, за баранчыка і на воз. Паехалі далей. Едуць, едуць, конь, хоць і ўлегцы ідзе, аслабеў, ледзь ногі перастаўляе. «Ах ты, казёл смаркаты, мяшок травяны, — бэсціць каня Камізэлька, — улегцы прыстаеш… А прачуханцу ты не хочаш?..» I толькі, гэта, замахнуўся пугаю, а конь жаласна як заржэ. Спалохаўся мой Камізэлька цялякаўскі, працверазеў адразу… Глядзь на баранчыка, а той у вочы пазірае і ўсміхаецца. Збялеў Камізэлька, давай крыжы класці. Баранчык бэкае, кугукае, як дзіця, а з воза не злазіць. Тады Камізэлька ўзяў дзве саломінкі, зрабіў з іх крыж і падсунуў баранчыку пад морду… «Га-га-га…» — зарагатаў баранчык, і яго як ветрам знесла. Конь адразу падужэў — даў ходу, а там і на рысь перайшоў, быццам даганялі.

Люлька пыхнула астатні раз і патухла. Дзед выбіў аб абцас храмача попел, развязаў капшук з самасадам, натаптаў чарговую порцыю табакі. Дастаў крэсіва. Стук-грук — ні іскрынкі. «I тут нячыстая сіла лезе, — зазлаваў дзед, — нічога, абломім рогі, за намі не стане…» Ён размахнуўся, аж камяні затрашчалі, так ляснуў, сноп іскраў пасыпаўся.

Дзед кашлянуў:

— Што, жэўжыкі, прыціхлі, думаеце, крэсіва падвяло? Яно надзейней, чым сто тысяч запальнічак і яшчэ гэтулькі… Ну, то слухайце, дзед Манюкін не салжэ…

Пагнаў гэта я кароў у поле на чысты чацвер, не пашанцавала, першаму чарга выпала пасвіць. Каровы гізуюць, лётаюць, задраўшы хвасты, ведама, пасля зімы — рады, што на волю вырваліся. Ды мне ад гэтага не лягчэй. Аж дыхавіцу нагнаў, пакуль сабраў усіх у кучу. Каб шчэ трохі — сам загізаваў бы. Прагаладаўся, не тут казана, як воўк. Вала б, здэцца, з'еў. А тут мае рагулі супакоіліся, палеглі: жвачку жуюць. Думаю, і мне падсілкавацца самы раз, кішкі марша граюць. Падышоў да кусцікаў ля балотца, назбіраў ламку, палак, цяпельца невялічкае расклаў. Агеньчык гарыць сабе, а я нанізаў на ражоньчык кавалак сала і смажу. Яно цвірчыць, тук капае на хлеб: аж слінкі цякуць, так хочацца паспытаць. Здэцца, хапіў бы скварку і праглынуў гарачую цалкам. Не ведаю, як вам, саколікі, а мне такая смажаніна лепей ад усіх страў заморскіх… Ну ды смажу я, гэта, скварку, чую голас раптам. «Здароў, дзядзечка!» — быццам вітаецца нехта. Прыгледзеўся, хлопчык стаіць, з вузел ростам і не відаць самога з-пад шапкі. Хоць і мокра вакол, балота, чаравікі ў яго сухія, сам ледзь не голы: адзенне ветрам шыта, дрыжыць як асінавы ліст. «Што ты тут