РуЛиб - онлайн библиотека > Яновіч Сакрат > Современная проза > Доўгая сьмерць Крынак

Читаем онлайн «Доўгая сьмерць Крынак»

Сакрат Яновіч ДОЎГАЯ СЬМЕРЦЬ КРЫНАК


Падрыхтаванае на падставе: Сакрат Яновіч, Доўгая сьмерць Крынак. Апавяданьні, аповесьць, — Беласток-Бельск: Выданьне фірмы АМЭГА, 1993. — 262 с.


Рэдактар: Ян Максімюк


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


АПАВЯДАНЬНІ


Восеньскае сонца
Жылі сабе дзед з бабаю: Рыгор з Карусяю. Рыгор застудзіўся ў капаньне бульбы. Паліла гарачка.

— Дзе сын? Дзе мой сын? — трызьніў ён.

Пры памяці маўчаў.

Выў сабака. Месяц выскаліўся ў вакне, бы злыдзень. Каруся выйшла на ганак. Зьнізу, ад зямлі, пацягнула каплічным холадам — сівеў прымаразак. Вялікая Мядзьведзіца сядала на загуменьні, а неба заплывала мацнеючай яснотаю.

Дрыпаючы ў склеп па бульбу сьвіньням, Каруся думала: дачка далёка, сын у Беластоку. Да дачкі нічога ня мела — дочкі йдуць туды, куды іх бяруць.

Заграбаючы ў кошык бульбіны, праклінала здухамэнтамі жыцьцё.

Хтосьці — пачула — адчыніў дзьверы ў хлеў. Каруся вылезла са склепу й паглядзела: у дзьвярох Рыгор.

— Чаго цябе выперла з ложка! — закрычала.

Рыгор не адвярнуўся; Каруся падыйшла, каб накрычаць на яго. І змаўчала: ён плакаў.

Зьбягаліся куры, бляялі авечкі, рыкала карова. Каруся павяла Рыгора ў хату, паклала яго ў пасьцель. Яна першы раз не тлуміла сабе галавы галасамі галоднай гаспадаркі. Заціхла ля Рыгоравай галавы. Яе вочы мілавалі Рыгора й па-за ім ня бачылі ды ня помнілі нічога.

Сьвятлела раніца.


Дзеці з Гаркавіч
Мы ехалі ў Гаркавічы. Каня паганяў дзядзька.

— Горача! — маці скінула з плячэй хустку, яе чорны колер пасівеў ад пылу.

Бацька гутарыў зь дзядзькам:

— ...Кажаш, на Пятра й Паўла будзе па ўсім?..

Пясок сыпаўся з колаў, трашчаў. Пад Паповаю гарою бліскала азерца, якое абступілі купы аеру.

— Піць, маманька! — мне здакучыла смага. Маці зазірнула ў мае вочы, адвярнулася й страсанула хустку над сьцежкаю. Па яе жылістай шыі сцякаў пот.

— Паганяйце, мужчыны, каня! Няма чым дыхаць, — хусту яна складвала роўненька, рог з рогам. — Бацьку, не расьсядайся так! — Ён забываў, што не адзін тут.

— Пяску, во, па калодкі, — адказваў для маці дзядзька. — Но-оо, буланая!.. На Пятра й Паўла напэўна... — дагаворваў бацьку пра жніво, пшанічным голасам.

— Чаго табе цесна?! — запёкся на яе бацька, але маці змаўчала яму, — ...Да Пятра й Паўла, ого, не пасьпеюць...

Фурманка пагрукатала па камянёх. Колы, з жалезнымі абручамі, ляскаталі. Цэлым возам моцна падкідала. Маці ўхапілася за бацькава плячо й, другою рукою, за гнаяўку. Я-ж ушчаперыўся за клініцу.

Перад канём расступіліся людзі, якіясьці дзеці. Большы хлопец — лысы, выгалены да скуры.

— Дзеці з Гаркавіч, — сказала маці.

— Але, — дзядзька, невядома чаму, падтакнуў ёй і заціх. Ён не глядзеў на іх.

— Сядайце, хлопцы, на воз, — загаварыў да іх бацька, менавіта, загаварыў, а не сказаў. Усё роўна як-бы: «Ідзяце, хлопцы», каб пачуць у вадказ: «Ага, ідзём».

Гэта адгануў той лысы, зацяты:

— Дзякуем вам. Блізка ўжо.

Маці паглядзела дапераду. Яна ўзьдзівілася:

— Бачыце вы, даяжджаем да Гаркавіч!

— Чаго хочаш: сем-жа кілямэтраў, — дзіўна сказаў бацька. Не заўсёды можна было зразумець яго.

— І гэтыя дзеці, дзень у дзень, ходзяць у школу аж да нас, у Крынкі? — маці спачувала ім. Аднак-жа я адчуў і яе папрок мне: усё маю на месцы, а вучуся, вось, пэўна горш за іх...

— Ага, — дзядзька яшчэ штосьці гаварыў. — Яны, значыць, ну...

Я прыкмеціў зьверху, што за плячыма тых хлопцаў на дарозе, — мяшочкі, вуглаватыя, з кніжкамі й пеналамі.

Яны не спадабаліся мне.

Ішлі спакойным крокам, зышлі на конскі троп, каб не падбіцца на гладкай сьцежцы, босыя. Меншыя й меншыя, зьніклі за намі.


Ключ
У крыніцы, што каля Канцуровае вярбы, знайшлі мы ключ — вялікі, няйначай як ад гумна. Пра гэта было ў нас гаворкі, пакуль касілі аўсы на Сойчынай горцы; палічылі, што згубіў яго шаленаваты Самасей: плёхкаўся быў там.

Хтосьці пайшоў, каб спытаць Самасея, і не прыходзіў, хоць трэба было ня надта далёка, за Дзявочы луг. Вярнуўся, і стаяла вядома, што Самасея малавеле не зарэзала дачка Кабыліхі, яе Фэлька, да якое ён увесну пакінуў хадзіць. Казалі: яна паласнула яму касою па кульшы, ня вельмі каб глыбока, нагавіцы меў ён на сабе брызэнтавыя, але крыві тое налілося зь яго ажно ў бот, і беспрытомнага павезьлі на трактары ды наўпрасткі, папарамі, што прасьціраліся тады да местачковых садоў, ля якіх паставілі да вайны шпіталь...

Пра ключ зноў былі загаварылі мы ў звозку снапоў, калі Самасея падлячылі й выпісалі дахаты. Згуба гэта зацярушылася ў нас. Знайшлася яна ў скрыначцы на жалезіны, што стаіць пад сячкарняю, якую закідалі натрусам. Я сам узяўся аднесьці той ключ Самасею. Ужо даходзячы да ягонага падворышча, мяне раптам ахапіла трывога, і я зараз-жа згледзеў прыгорбленую постаць гэтага неўдалоты ў бульбоўніку за склепам, а пад вішняком, што ў канцы агароду, — бачу — Фэлька круціцца, быццам ёй парася пабегла ў шкоду...

Ключ узяў