РуЛиб - онлайн библиотека > Масла Алена > Детская проза > Таямніца закінутай хаты > страница 2

Читаем онлайн «Таямніца закінутай хаты» 2 cтраница

Бо хітрасцю не проста кудзеркі па-іншаму казцы завілі, а ўсёй радасці яе пазбавілі.

А казачнікі? Разладзілася іх сяброўства. Кожны сваёй дарогай пайшоў. Адзін пабажыўся, што век на чужое не спакусіцца. Другі — што ніколі знойдзеных казак кідаць не будзе.

Ды вось бяда — з той пары сталі абмінаць іх казкі. Ні адзін, ні другі ўжо мяхамі іх не носяць. Бо казкі не любяць ні сквапных, ні нядбайных.

Калі марыш сустрэць у жыцці сапраўдную казку, помні пра гэта і ты, дружа.

Музыка крыштальнага саду

Аднойчы цёплай восенню расцвіла ў двары Вішанька. Адкрыла свае белыя вочкі-кветкі і здзіўлена пазірае наўкол.

...А празрыста-стылае неба азываецца да Вішанькі жураўліным курлыканнем. Развітальна махаюць крыламі чароды птушак, адлятаючы ў вырай. Здзіўлена пазіраюць на святло белай квецені залатыя клёны. Самы маладзенькі з іх, страсянуўшы чупрынай, схапіў за рукаў Вецер.

— Слухай, дружа, зрабі ласку — перадай той бяляначцы пісьмо!

Вецер згодна хітнуў і прыціх на хвілінку, чакаючы, пакуль Клёнік на лісточку выводзіў барваю паміж радкоў-пражылкаў: «Я Вас кахаю...» Пасля Вецер ціха, як уздыхнуў, хукнуў, і кляновы лісток апынуўся ля Вішанькі.

— Прыгажунька, вам пісьмо! Спадзяюся, паненка ўмее чытаць?

— Так, бліжэйшыя да хаты галінкі адукаваныя. Яны зазіраюць у акно, а за ім стаіць пісьмовы стол. Ён вывучыўся грамаце сам і мае галінкі паціху навучыў...

Вецер асцярожна апусціў кляновы лісток, куды ўказала Вішанька, і кветкі на ёй крыху паружавелі.

— У вас закахаўся той прыгожы Клёнік!..

— Ах, які ён легкадумны,— збянтэжылася дрэўца.— Мы зусім не знаёмыя.

— Чакайце, не гневайцеся,— затрывожыўся Клёнік, якому Вецер імгненна перадаў на словах адказ Вішанькі.— Мы ж не сёння выраслі тут. Відаць, даўно глядзелі адзін на другога — але не заўважалі. Але ж мы тутэйшыя, хто заўгодна з суседзяў замовіць за мяне слоўца... Якой прыгажуняй глядзіцеся вы ў белі сярод золата дрэў!

Вішанька сціпла апусціла долу вочкі, але яе хваляванне выдала квецень, бо раптам раскрыліся яшчэ некалькі пяшчотна-белых сузор’яў...

Ужо не першы год квітнела, а пасля гадавала сакавітыя ягады Вішанька. Але гэта адбывалася ў прызначаны прыродай час, вясной і летам, а штовосень дрэўца, як і ўсе, рыхтавалася да зімовага сну. Але на досвітку гэтага дня нібы хто пастукаў у сэрца дрэўца, ажылі, запульсавалі па ствале і галінках сокі, і вось — Вішанька зацвіла.

Глядзіць Вішанька на панадворак — і не пазнае яго ва ўборы вяргінь і астраў — восеньскіх кветак. Агародчык ля хаты пусты. Бульба выбрана даўно, пачышчаныя буракі прыкрыты паверх цыраты бацвіннем — ад марозу. Сад праз парадзелае лісце струменіцца яблычным ззяннем. Ападышы ляжаць пад дрэвамі ў плеценым кошыку і проста скіданыя ў гурбачкі. Ад іх так смачна пахне і прымятай травой, і патрывожаным спакоем зямлі, і стылай прахалодай восеньскай ночы, якая вымусіла яблыкі на дрэвах дрыжэць, а тых, у гурбачцы, ціснуцца адзін да другога замёрзлымі бакамі.

З дрэў амаль апала лістота. Яны ўжо не хваляцца адно перад адным кучаравымі чубамі, а плацяць зямлі спрадвечную даніну, засцілаючы яе залатымі світкамі са сваіх плячэй,— каб не застыла ўзімку. І самыя прыгожыя сярод восеньскіх дрэў — клёны. А сярод іх — той, маладзенькі, што даслаў Вішаньцы ліст.

Яна ўпотай кідае позіркі на яго, і сэрцайка яе соладка замірае.

А Клёнік за кароткі час звёўся зусім. Хваляванне хвалямі б’е па ім, вымушаючы запунсавець і золата, і нешматлікую зелень яго лісткоў.

— Я ажанюся з ёй! — задзірыста абвяшчае ён сваім старэйшым сваякам, якія растуць поплеч.

Але тыя і пярэчыць не думаюць. Хоць Вішанька і не іх роду дрэўца, але такой незямной прыгажосці!..

Сталі думаць, каго паслаць у сваты. Вецер? Ён хоць і перадаў ліст Вішаньцы, але для свата занадта наравісты, страшна, каб не наламаў дроў... Сарока, заўсёды дасведчаная не толькі ва ўсіх падзеях, але і намерах ваколіцы, прапанавала сябе за сваццю. О не, яна не толькі балбатліўка, але і пляткарка — можа ўсё сапсаваць і дакладна сапсуе... Гусі — хатнія птушкі!.. Вось яны, такія важныя і надзейныя, шпацыруюць па сцяжынцы дахаты... Але — не, для такога ўрачыстага моманту ім не стае ўзнёсласці...

Выручылі пліскі. Яны штодня прыляталі праведаць клёны і ўзяліся пасадзейнічаць закаханаму ў сардэчнай справе. Цяжка было не ўхваліць такіх сватоў. І далікатныя, і вёрткія, і элегантныя ў сваіх бела-чорных уборах. Рабінкам, суседкам клёнаў, пліскі замовілі падарунак для Вішанькі — каралі з ягад. Клёнік дакараў сябе, што не сам дадумаўся зрабіць гэта. Але ніхто не асудзіў яго нездагадлівасць — закаханыя губляюць галовы, і гэта зразумела ўсім...

Каралі атрымаліся багатыя — рабінкі не паскупіліся, пачапілі на ніткі самыя буйныя ягады. Птушкі падхапілі падарунак і панеслі Вішаньцы.

Калі па яе галінках заструменіўся чырвоны ланцужок, ад захаплення перахапіла дыханне ва ўсіх, хто бачыў гэту прыгажосць...

Сваты загаварылі з Вішанькай здалёк,