РуЛиб - онлайн библиотека > Юрага Лаўрэн > Историческое фэнтези > Меч Маладзіковага Промня > страница 19

Читаем онлайн «Меч Маладзіковага Промня» 19 cтраница

замкнёныя ў пастцы: лёхам не прайсці, a i пры браме, пэўна, засталося шмат рыцараў. Нават выйсці з калідора мы не маглі, бо ў пячоры ўсё яшчэ заставаўся Гатард з тузінам прыбочных ахоўнікаў. Дый ход да скарбніцы быў просты, без бакавых адводаў — нікуды больш не пойдзеш. Заставалася толькі чакаць.

Праз нейкі час вярнуўся прыгнечаны ваявода з часткаю рыцараў:

— Паблізу ад выхаду іх няма. Але я знайшоў кальчугу ды ўзбраенне — ён там праходзіў. Я пакінуў людзей, каб шукалі іх, а калі Князь дазволіць, дык з астатнімі сяду на коней і даганю ix у стэпе! Дазволь мне, о вялікі Князь!

Гадар толькі сыкнуў на яго:

— Дык чаму ж ты яшчэ тут! — і пакінуў пячору.

Ваявода з рыцарамі рынулі за ім, баючыся адстаць, але i не смеючы абагнаць. Вялікая зала нарэшце апусцела. Мы выйшлі з хованкі.

— Якія ты маеш намеры? — запыталася князёўна.

Я, аднак, ніякіх адмысловых задум не меў. Ужо, мусіць, набліжалася раніца. Бяссонне апошніх начэй, а да таго ж падзеі гэтай, што яшчэ доўжылася: ператварэнні, уцёкі, бойкі... — усё тое высмактала мяне ўшчэнт. Галава цалкам адмаўлялася нешта думаць, таму ляпнуў першае, што ў яе прыйшло:

— Хадзем лёхам!

Князёўна здзівілася:

— Але ж там ваяры Гатарда!

— Што-небудзь прыдумаем, — змрочна адказаў я, каб хоць неяк апраўдаць свае словы, — але зусім не ўяўляў сабе, што ж яшчэ можна прыдумаць.

Я паволі пакрочыў да гроту; дзяўчына слухмяна рушыла ўслед за мною, а да мяне з кожным крокам вярталіся сілы — небяспека добра бадзёрыць. Калі я ступіў у цемру гроту, дык ужо быў цалкам гатовы дзейнічаць.

Ні ў гроце, ні ў бліжэйшай частцы лёху нікога не было. Я пастаяў, прыслухоўваючыся, а потым запаліў свячу, некалі запасліва пакладзеную ў кайстру. Свечка — не паходня: ейнае святло далёка не рассейваецца; дый пагасіць яе можна хутка. Прыкрыўшы далонню кволы агеньчык, я пасунуў наперад па таемным ходзе.

Мы ішлі даволі доўга, ажно я адчуў, што подзьмухі ветру ў калідоры ўзмацніліся, — верная прыкмета, што выхад блізка. Я згасіў свячу, і наша хада зрабілася яшчэ больш павольнай ды асцярожнай. Колькі крокаў, заварот за рог — і вось вусны ўжо прагна ловяць свежае паветра пасля цвіллёвай задухі падзямелляў. Толькі атрымаўшы нешта зноў, адчуваеш, чаго ты быў пазбаўлены.

Па прыступках, што былі выбітыя ў камені, аглядаючыся, я выбраўся на паверхню. Далей у стэпе наўкола былі бачныя шматлікія агні паходняў, што на адлегласці здаваліся светлякамі. Пры самім выхадзе з лёху варты, на шчасце, не было — ваявода ў сваім прагненні пагоні, відаць, страціў усялякую пільнасць. Тым горай для яго. Я дапамог выбрацца Ладзіславе, ды раптам пачуў, як нехта ціхутка аклікнуў мяне з цемры па імені. Запаліўся слабы блакітны агеньчык — і я ўбачыў Мудраслава: у сваіх палатняных шатах ды з нязменным посахам у руках ён выйшаў з-за вялізнага глыжака. Гэта быў той самы камень — хоць і перакулены набок, — за якім я хаваўся тры дні, так i не ўцяміўшы, што таемны ўваход у замак Гатарда крыецца менавіта пад ім!

— Забірай нас адсюль! — стомлена папрасіў я чараўніка.

Ён толькі лагодна пасміхнуўся і кіўнуў галавой. Потым абвёў вакол мяне з Ладзіславай запаленым жмутком зёлак з даўкім пахам — i прастора навокал раптам зноў зрабілася бы затканая бялёсай смугой, нас падхапіла нейкая віхура і памчала ўдалеч. Дамоў...


* * *

На зыходзе наступнае ночы злучаныя войскі незваяваных яшчэ князёў нашага краю пад вярхоўніцтвам князя Ваіслава вышыхтаваліся на раўніне, каб выступіць насустрач чорным рыцарам Гатарда. Мудраславава закляцце разагнала з неба хмары, i я вынес пад зыркае ззянне маладзіка магічны Прамень-меч. Калі водбліск месячнага сяйва ўпаў на кляйнот узнесенага ўгару дзяржальна, клінга раптам заіскрылася-зазіхацела халодным полымем, а я зразумеў, што справа завершаная, — ніякая магічная моц цяпер не зможа супыніць нашую адваёву. Народ ды край бу­дуць вызваленыя і застануцца свабоднымі — цяпер і назаўсёды!

Я ўзнёс зіхоткі меч над галовою і павярнуўся да шыхтоў. Бадзёрым, вясёлым і ваяўнічым рыкам войскі прывіталі цуд, што стаўся — і рушылі ў наступ...


1991, 2003.