РуЛиб - онлайн библиотека > Стругацкі Аркадзій > Научная Фантастика > Пікнік на ўзбоччы > страница 2

Читаем онлайн «Пікнік на ўзбоччы» 2 cтраница

Так. Але я ня маю ніякага дачыненьня да вывучэньня пазазямных культураў. У КАПРАНА я разам са сваімі калегамі прадстаўляю міжнародную навуковую грамадзкасьць, калі заходзіць гаворка пра кантроль за выкананьнем рашэньня ААН адносна інтэрнацыяналізацыі Зонаў Наведваньня. Груба кажучы, мы сочым, каб іншаплянэтнымі цудамі, здабытымі ў зонах, распараджаўся толькі Міжнародны інстытут.

— А хіба на гэтыя цуды квапіцца яшчэ хто-небудзь?

— Так.

— Вы, верагодна, маеце на ўвазе сталкераў?

— Я ня ведаю, што гэта такое.

— Так у нас у Гармонце называюць адчайных хлопцаў, якія на свой страх і рызыку пранікаюць у Зону і цягнуць адтуль усё, што ім удаецца знайсьці. Гэта сапраўдная новая прафэсія.

— Разумею. Не, гэта па-за нашай кампэтэнцыяй.

— Яшчэ б! Гэтым займаецца паліцыя. Але было б цікава даведацца, што менавіта ўваходзіць у вашую кампэтэнцыю, доктар Пільман…

— Мае месца сталая ўцечка матэрыялаў з Зонаў Наведваньня ў рукі безадказных асобаў і арганізацыяў. Мы займаемся вынікамі гэтай уцечкі.

— Ці нельга ледзь паканкрэтней, доктар?

— Давайце лепш пагаворым пра мастацтва. Няўжо слухачоў не цікавіць маё меркаваньне аб непараўнальнай Гвадзі Мюлер?

— О, разумеецца! Але я хацеў бы спачатку скончыць з навукай. Вас, як навукоўца, не цягне самому заняцца іншаплянэтнымі цудамі?

— Як вам сказаць… Бадай.

— Значыць, можна спадзявацца, што гармонтцы аднаго цудоўнага дня ўбачаць свайго знакамітага земляка на вуліцах роднага гораду?

— Ня выключана.

1. Рэдрык Шугарт, 23, халасты, лябарант Гармонцкага філіялу Міжнароднага інстытуту пазазямных культураў


Напярэдадні стаім гэта мы ў сховішчы. Ужо ўвечары — застаецца толькі спэцоўкі скінуць і можна прайсьціся да Эрнэста прыняць кропельку-другую моцнага. Я стаю проста так, усе справы зрабіў і ўжо цыгарэту напагатове трымаю, а ён усё важдаецца са сваімі сэйфамі: адзін загрузіў і замкнуў, а другі яшчэ толькі загружае — бярэ «пустышкі» адну за адной, кожную з усіх бакоў аглядае і асьцярожненька ўкладвае на паліцу. Зноў ён зь імі цэлы дзень важдаўся і зноў без усялякага толку. Я б на ягоным месцы даўно плюнуў і іншым бы чым-небудзь заняўся за тыя ж грошы. Хаця, зь іншага боку, і яго зразумець можна. «Пустышка» — штука забаўная, мудрагелістая. Я іх колькі пабачыў і перацягаў, а ўсё адно, як убачу — не магу, зьдзіўляюся. Два медных кружкі ў маю далонь і мілімэтраў пяць таўшчынёй, а паміж імі — нічога. Гэта значыць зусім нічога, пуста. Можна руку прасунуць, можна нават галаву, калі ты зусім дурань, — пустата і пустата. І пры ўсім пры тым штосьці паміж імі ўсё-ткі ёсьць, сіла нейкая, як я разумею. Чымсьці яны паміж сабой зьвязаныя. Нібы ўзялі шкляную трубу, затыкнулі з абодвух канцоў меднымі вечкамі, а потым труба кудысьці зьнікла, ды так спрытна, што быццам бы й не зьнікала зусім. Паставіш такую ​​«пустышку» старчма — яна цяжкая, сволач, шэсьць з паловай кілё, між іншым, — паставіш яе старчма, верхні кружок штурхнеш — яна падае, як, скажам, бляшанка з апэльсынавым сокам, у якой толькі дно і вечка бачныя. Паваліцца, і быццам бы два колы на адной восі, нават вось быццам бы блюзьніцца, хоць, вядома, ніякай восі насамрэч там няма. Падман зроку…

Так, дык вось, ён з гэтымі «пустышкамі» другі месяц валаводзіцца. У яго іх чатыры штукі; было тры, а заўчора чацьвёртую прыцягнулі. Стары Барбрыдж знайшоў у Доме Бяз Даху, патрулі яго накрылі, «пустышку» да нас, да Кірыла, а самога ў кутузку. А што толку? Хоць іх тры, хоць чатыры, хоць сто — усе яны аднолькавыя, і ніколі ў іх нікому нічога не зразумець. Але Кірыл усё спрабуе. Мае ён гіпотэзу, быццам гэта нейкія пасткі — ці то гідрамагнітныя, ці то гірамагнітныя, ці то проста магнітныя — высокая фізыка, я гэтага нічога не разумею. Ну, і ў поўнай адпаведнасьці з гэтай гіпотэзай падвяргае ён «пустышкі» розным узьдзеяньням. Тэмпэратурным, напрыклад, гэта значыць награвае іх да поўнага ачмурэньня. У электрапечы. Або, скажам, хімічным — аблівае кіслотамі, кладзе ў газ пад ціскам. Пад прэс таксама кладзе, ток прапускае. Увогуле, шмат узьдзеяньняў аказвае, але так пакуль нічога й не дабіўся. Замучыўся толькі ўшчэнт. Ён наогул сьмешны хлопец, Кірыл. Я гэтых навукоўцаў ведаю, ня першы год зь імі вашую. Калі ў іх нічога не атрымліваецца, яны нядобрымі робяцца, грубіяніць пачынаюць, прыдзірацца, крычаць на цябе, як на халуя, так бы і даў па зубах. А Кірыл не такі. Ён проста чмурэе, вочы робяцца, як у хворай сучкі, нават сьлязяцца, што яму кажаш — не разумее, блукае па лябараторыі, мэблю саштурхвае і ўсякую дрэнь у рот суе: аловак пад руку трапіўся — аловак, плястылін трапіўся — плястылін. Суне і жуе. І жаласна так пытаецца: «Чаму ж — кажа, — адваротна прапарцыйна, Рэдзе? Ня можа быць, — кажа, — адваротна. Прама мусіць быць…»

Дык вось. Стаім мы зь ім у сховішчы, гляджу я на яго, які ён шэры стаў, як ён стаміўся, і шкада мне чагосьці яго стала, сам ня ведаю чаго. І нібы мяне нехта за язык пацягнуў.

— Слухай, —