РуЛиб - онлайн библиотека > Адам Мікола > Старинная литература > …І прыдбаў гэты дом

Читаем онлайн «…І прыдбаў гэты дом»

стр.



Мікола АДАМ


...І ПРЫДБАЎ ГЭТЫ ДОМ


Раман-рэфлексія


Маме Вользе Яўгенаўне і бацьку Міхаілу Іванавічу прысвячаю


Калі мы пераехалі ў Вёску, мне было чатырнаццаць. Спачатку адправілі кантэйнер з рэчамі, вынесенымі з трохпакаёвай кватэры на трэцім паверсе пяціпавярховіка, што стаяў па вуліцы Паркавай у горадзе Шахцінску Карагандзінскай вобласці. Пасля былі пералёт з Казахстана ў Беларусь з перасадкай у Маскве, амаль двухгадзінная дарога з Мінска (у Брэсцкім напрамку) да райцэнтра электрычкай, а затым аўтобусны маршрут «Райцэнтр — Вёска». Мы менавіта пераехалі, нават эмігравалі, але ніяк не вярнуліся. Бо як можа вярнуцца кантэйнер туды, адкуль яго не адпраўлялі? Гэта толькі мой бацька вярнуўся, таму што ў Вёсцы жылі яго бацькі, таму што ў Вёсцы ён скончыў школу, пасля пайшоў працаваць на цагельню. З Вёскі яго забралі ў войска і менавіта з яе ён паехаў на заробкі ў Казахстан, дзе і затрымаўся надоўга, сустрэўшы там маю маму. Аднак і бацьку цалкам мясцовым было цяжка назваць, бо яго ў Вёску прывезла ягоная маці з Карэлафінска, куды з’язджала ў пошуках лепшай долі, дзе пазнаёмілася з маім дзедам, які жыў там на вольным пасяленні пасля адбыцця турэмнага зняволення за тое, што меў няправільнае і забароненае, нават непрымальнае і непатрэбнае для савецкага чалавека нямецкае прозвішча Адам...

Бацька — невысокага росту, але шырокі ў плячах мацак з бледна-блакітнымі, як зімовае неба, вачыма і дужымі валасатымі рукамі з лапатамі далоняў. Ён вельмі любіў, калі мы былі малымі, гуляць у баксёраў. Не ведаю, ці было бацьку балюча, але мы, як памятаю, малацілі па ягоным жываце са страшнай сілай, асабліва шчыраваў брат. Ён нават умудраўся трапляць па ім нагамі. Бацька заліваўся шчаслівым рогатам ад нашага сапення і сур’ёзных сканцэнтраваных твараў, падазраю, што ганарыўся сынамі, якія не ў лялькі гуляліся, а вучыліся быць мужчынамі. Ён сам быў байцовым, паважаў загартаванасць і моц. Брат у гэтым яго не расчараваў. Я ж ніколі біцца не любіў і не люблю. Больш за тое, баюся і лічу, што бойкі для ідыётаў, бо разумныя людзі заўсёды дамовяцца паміж сабой. Тым не менш біцца даводзілася, бо выхаваў мяне ўсё ж байцовы бацька. Я абавязкова прапушчу першыя ўдары, але таксама абавязкова на іх адкажу, пераадольваючы страх. Зразумела, што да такіх высноў я прыйшоў не адразу і не ў дзіцячыя гады.

Бацька ж, як і мой брат, да двух ніколі не лічылі. Калі бачылі, што бойка непазбежная, — білі першымі. Нічога прыгожага ў некіношных бойках няма. Дваровыя бойкі жорсткія, заўсёды не па правілах, крывавыя і, часцей за ўсё, кароткія. Але мой бацька і мой брат у гэтых бойках выглядалі Аляксандрамі Македонскімі ці нават Арэсамі — багамі вайны. Ёсць такія людзі, ад якіх не адвесці вачэй, калі тыя апынаюцца ў падобных абставінах, нібыта ім дадзена гэта звыш.

Дык вось, у Казахстане жыла малодшая бабіна сястра Груня, да яе ён пасля войска і паехаў. Бацькава цётка Груня была самай малодшай з дванаццаці дзяцей, якіх жыццё, калі тыя выраслі, разнесла, быццам пасеяла, па розных кутах былога Савецкага Саюза. Яна ж бацьку, лічы, і выняньчыла, бо дзед Іван з бабай Марусяй крыху пабылі ў Вёсцы пасля Карэлафінска і неўзабаве зноў туды з’ехалі. Пасля заканчэння школы цётка Груня з сястрой-пагодкам Соняй паступілі ў Мінскае медвучылішча. Маючы на дваіх адны туфлі і адну святочную сукенку, на танцы ў Дом культуры хадзілі па чарзе. Соня знайшла там сабе баяніста Толіка і засталася ў Мінску, працавала доўгі час медсястрой у дзіцячай паліклініцы на Сонечнай і здавала кроў на патрэбу людзям, за што атрымала званне Ганаровага донара БССР. У Груню закахаўся салдат тэрміновай службы з вайсковай часці, што размяшчалася ў райцэнтры. Пазнаёміліся ж яны ў Вёсцы, у час вайсковых вучэнняў. Праз Вёску часта праходзілі войскі ў тую пару: пехацінскія, танкавыя, мотастралковыя і нават дэсантныя. Паглядзець на баявую тэхніку і салдат з афіцэрамі вяскоўцы выходзілі ўсім дваром, цікаўныя дзяўчаты выскоквалі бліжэй да дарогі, па якой пылілі вайскоўцы. Цётка Груня не была выключэннем. Яна якраз прыехала ў Вёску на летнія вакацыі паднабрацца сіл перад апошнім курсам вучобы. Вылучаючыся з усіх сясцёр непадробнай прыгажосцю, ёй бы ў артысткі кіно падацца. Не горш за Быстрыцкую справілася б з роляй Аксінні ці за Гурчанку ў «Карнавальнай ночы»: умела і спяваць так, што заслухоўваліся нават дрэвы і вецер, і танчыць гэтак, што сама Айседора Дункан пазайздросціла б. А выбрала прафесію фельчара, больш патрэбную савецкай краіне, чым артысткі. Да таго ж артысты — людзі недасяжныя, незямныя, куды цётцы Груні да іх — вельмі нават зямной, хоць і прыгажэйшай за будзь якую артыстку.

Дзядзька Жэня, як пабачыў цётку Груню ўпершыню, — забыўся, што ён салдат і ідзе шараговым байцом у агульнай калоне. На мулкіх нагах ён выйшаў з калоны, нягледзячы на выкрыкі старшыны вярнуцца ў строй і пагрозы гаўптвахтай. Цётка Груня стаяла пад разгалістай

стр.