РуЛиб - онлайн библиотека > Бабіна Наталка > Современная проза > Рыбін горад

Читаем онлайн «Рыбін горад»

Наталка Бабіна Рыбін горад

Віцю Панасюку,

Генку Азімуку,

Надзі Цецярук,

Марыі Карнялюк (Лёнісе),

Васілю Краўчуку,

Ксені Краўчук

і ўсім, хто не дажыў.

© Бабіна, Н, тэкст, 2011

© ІП А.М. Янушкевіч, 2018

© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Гісторыя з чортам

Быў час, калі мяне страшэнна мучыў чорт. Ён цягаўся да мяне амаль штодня. У мяне былі пэўныя метады, каб прагнаць яго, але гэты без меры настойлівы экзэмпляр – нават істотай чорта не назавеш – вяртаўся і вяртаўся, выскокваў зноў і зноў у самы нечаканы час, у самых нечаканых месцах. Лысы, агідны. Брр… Паколькі на коне стаяла не больш не менш, як мая несмяротная душа, я жыла ў пастаянным напружанні. Кожную хвіліну чакаць пекла, якое можа адкрыцца пад вечкам рондаля, або за люстэркам, або пад паверхняй вады ў ванне – гэта страшна. Хто меў справу з чортам, той разумее, пра што я. Страх паралізаваў мае сілы. І вось аднойчы, зноў-такі зусім неспадзявана для сябе, я расправілася з чортам раз і назаўсёды. Вынайшла сродак. Магу параіць кожнаму. Дакладней, кожнай. Помню, стаяў вечар цяжкага душнага дня. Заматаная і запараная, я прыцяглася дадому з горада. Сцягнула сукенку, садрала валоглыя на ступаках панчошкі. Духата стомы мяшалася з духатой цела цяжкой бабы, я адчувала гэта, і, выцягнуўшы зпад сябе крывавы падклад, пайшла з пакоя ў ванную, каб залезці пад душ. І тут, у цёмным калідоры, зза рога на мяне выскачыў чорт. Ён спадзяваўся на нечаканасць, але яна ж згубіла яго самога. Менавіта ад нечаканасці, не думаючы, я пляснула яго крывавай шматкай – а цякло з мяне тады, як з рукава – па лысым чэрапе, аж пырснулі на белыя шпалеры цёмначырвоныя кропелькі. І яшчэ раз, і яшчэ, і яшчэ. Ударыўшы першы раз адрухова, я цяпер малаціла хуткахутка, з усёй нянавісцю, што так доўга назапашвалася ў маёй душы: «Згінь, згінь, згінь, нячыстая сіла!» І ён згінуў. Завішчаў і прапаў. І больш ніколі не прыходзіў.

Так я і дасюль не ведаю: ці то кроў месячных такая памоцная супраць чарцей, ці то засаромеўся ён таго, што спалохаўся смяротнай…

Так ці інакш, толькі больш яго не прыносіла. І не перашкаджаў ён мне рыць норы ў часе. А я, са свайго боку, ніколі не купляла пракладак, пакуль гэтае пытанне было для мяне актуальным. Пракладка не дапамагла б мне прагнаць чорта так, як дапамог кавалак вынашанай прасціны, насычаны крывёю.

Так што ёсць карысць ад фізіялогіі, нават такім, як я.

А пах крыві час ад часу я ні зсіль ні зтіль адчуваю ў паветры.

Кацілася торба

Пасля ўсяго, што было, я зноў прыехала сюды. Ненадоўга. Перш чым з’ехаць і больш не вяртацца.

Тут прыгожа. Прыгажэнна. Сівыя завесы дробнага дажджу падзялілі прастору на ярусы: бліжэйшы зялёна-шэры, далейшы – шэра-зялёны. Дождж сцякае па твары, па брызентавым плашчы – і тое, і другое немаладыя і чымсьці падобныя адно да аднаго. Ад старасці брызент губляе глянец, а душа – празрыстасць. Я стаю ля самай мяжы. Былой мяжы, дакладней. З правага боку да мяне даносіцца галёканне па-польску – нехта, нягледзячы на дождж, купаецца ў Бугу; злева даносіцца расейская мова – дачнікі (з тых, чые халупы яшчэ не скупіў Толікалкаголік) заўжды на варце, нават у залеву.

У брызентавым плашчы і гумовых чобатах, адзін шнар на жываце, а другі, дзеля разнастайнасці, на спіне, пальцы толькі нядаўна зрасліся, а мазалі яшчэ не сышлі – я стаю на вузкай паласе поплаву ля самай былой мяжы. Дождж ліе і ліе, і лугавіна ўжо пад тонкім слоем вады. Трава сагнулася пад вадой. Ля маёй нагі праплывае па ручаінцы яшчарка – спакойная такая, ярказялёная, з жоўтым узорам на спінцы. Яшчарка вышэйшай нацэначнай катэгорыі. У дзяцінстве, злапаўшы такую, мы радаваліся нашмат больш, чым калі ўдавалася злавіць бляклую шэранькую. Натапыраныя лапкі яшчаркі на дзіва падобныя да маленечкіх ручак дзіцяці. Лугавіна. Вада. Рыфлёная паверхня дажджавога патоку. Спакойная яшчарка з дзіцячымі далонькамі. З аднаго боку Польшча, з другога – Расея. З вузкай паласы паміж імі (не ведаю дакладна, адкуль) я чую шэпт:

Котылася торба
З вэлыкого горба,
А в тій торбі
Жыто, пшаныця,
Хлібпаляныця…
У гэтым шэпце ці то дакор, ці то кпіна, а можа, нешта накшталт паблажлівай падзякі… Гэта гаворыць да мяне зямля, насычаны дажджавой вадой чорны глей, гэта яе нячутны, з ніадкуль, невыразны, але магутны голас.

Скацілася торба, ды проста мне ў рукі.

Торба коштам жыцця.

Падстаўляеш рукі пад торбу, а ловіш смерць.

А потым стаіш тут, пад спорным дажджом, і вада сцякае па падвялым твары, плашчы вайсковага колеру, гумовых зялёных чобатах.

Зараз я вытру з морды ваду, пагляджу яшчэ раз на ярусы, на якія дождж падзяліў прастору, пайду дахаты (там захаваўся такі неразбураны куточак, дзе можна спакойна сесці і пісаць) дый занатую ўсё як ёсць па парадачку. А калі гэта будзе зроблена, паеду і больш сюды не вярнуся.

І яшчэ: не