РуЛиб - онлайн библиотека > Лаўкрафт Говард Філіпс > Ужасы > Кліч Ктулху (зборнік) > страница 2

Читаем онлайн «Кліч Ктулху (зборнік)» 2 cтраница

старога, што колісь жыў на нашых землях, чалавека выбітных здольнасцяў, хоць станам і не вышэйшага за селяніна. Звалі яго Мішэль, але звярталіся зазвычай па мянушцы – Мавэ, што значыць Ліхі, якую ён займеў праз сваю благую славу. Ён быў адукаваны лепш за іншых і займаўся пошукамі філасофскага каменя і эліксіру вечнага жыцця, да таго ж лічылася, што яму вядомыя страшныя таямніцы чорнай магіі і алхіміі. У Мішэля Мавэ быў сын, звалі якога Шарль. Юнак знаўся на таемных сферах не горш за бацьку і таму меў мянушку Ле Сарсье, ці Вядзьмак. Гэтых двух пазбягалі ўсе сумленныя людзі, падазраючы іх у самых брыдкіх справах. Стары Мішэль, казалі, жыўцом спаліў сваю жонку, каб прынесці ахвяру д’яблу. Адказнасць за многія незразумелыя знікненні малых сялянскіх дзяцей таксама прыпісвалі гэтай вусцішнай пары. Аднак у змрочнай прыродзе бацькі і сына была адна чалавечая рыса: ліхі стары любіў свайго нашчадка з жахліваю сілай, і юнак адказваў бацьку больш чым сыноўскай адданасцю.

Аднае ночы замак на гары ахапіла дзікая паніка: знік юны Годфры, сын графа Анры. Пошукавы атрад на чале з ашалелым бацькам уварваўся ў хату чарадзеяў і наткнуўся на старога Мішэля Мавэ, што завіхаўся над вялізным катлом, у якім нешта бурна кіпела. Страціўшы кантроль над сваім дзікім шалам і роспаччу, граф без дай прычыны пусціў у ход рукі, і раней чым ён аслабіў мёртвую хватку, яго ахвяра ўжо не жыла. І тут радасныя слугі паведамілі, што малады Годфры знайшоўся ў далёкай закінутай зале неабдымнага гмаху. Так прыйшлі познія весткі, што гаротны Мішэль загінуў ні за што. Калі граф з паплечнікамі пакідаў сціплае жытло алхіміка, сярод дрэваў з’явілася фігура Шарля Ле Сарсье. З узрушанай балбатні чэлядзі ён даведаўся, што адбылося, але спачатку бацькаў лёс быццам пакінуў яго абыякавым. Потым, паволі прасунуўшыся бліжэй да графа, манатонным, але жахлівым голасам ён прамовіў праклён, які з таго часу лёг на род С.

Ніхто з нашчадкаў вінаватага ў тым здзеку
Хай не перажыве забойцы веку! —
сказаў ён і, перад тым як скочыць ізноў да цёмнага лесу, выцягнуў з тунікі бутэлечку бясколернай вадкасці і пырснуў ёй у твар бацькаваму забойцу, знікаючы за чарнільнай заслонай ночы. Граф памёр, не паспеўшы вымавіць ні слова, і яго пахавалі назаўтра ва ўзросце, няшмат большым за трыццаць два гады. Забойцы прастыў і след, хоць нястомныя атрады сялян прачасалі навакольныя лясы і пожні наўкола гары.

Час ішоў, і нішто не нагадвала пра праклён, таму калі Годфры, нявінную прычыну ўсёй гэтай трагедыі і спадкаемца графскага тытула, забілі стралой на паляванні ва ўзросце трыццаці двух гадоў, гэта не выклікала ніякіх думак, апрача смутку пра яго смерць. Але калі праз шмат гадоў наступнага маладога графа, якога звалі Рабэр, знайшлі мёртвым у полі паблізу без бачных прычын смерці, сяляне пошапкам загаварылі, што іх сеньёру перад гэтай нечаканай і заўчаснай смерцю ледзь толькі споўнілася трыццаць два. Луі, сына Рабэра, знайшлі патанулым у рове ў тым жа фатальным узросце. Так вусцішны летапіс апісваў стагоддзе за стагоддзем: шчаслівыя і сумленныя жыцці Анры, Рабэраў, Антуанаў і Арманаў абрываліся ва ўзросце, трошкі меншым за ўзрост іх няшчаснага продка, у якім той учыніў забойства.

З прачытанага стала ясна, што мне засталося не больш за адзінаццаць гадоў. Жыццё, якое я раней цаніў мала, цяпер рабілася мне штодня даражэйшым, пакуль я ўсё больш паглыбляўся ў загадкі невядомага свету чорнай магіі. Сучасная навука не зрабіла на мяне, адарванага ад свету, ніякага ўражання, і я шчыраваў як у Сярэднявеччы, захоплены новымі ведамі пра дэманалогію і алхімію, як стары Мішэль і юны Шарль калісь. Але колькі я ні чытаў, я ніяк не мог разабрацца ў дзіўным праклёне, што ляжаў на маім родзе. У рэдкія моманты рацыянальнасці я нават быў гатовы шукаць натуральных тлумачэнняў, прыпісваючы раннія смерці сваіх продкаў рукам ліхога Шарля Ле Сарсье і яго нашчадкаў. Але калі стараннае расследаванне не выявіла ніякіх звестак пра дзяцей алхіміка, я вярнуўся да вывучэння акультызму і чарговы раз паспрабаваў знайсці заклён, які б вызваліў мой дом ад страшнага цяжару. Я не сумняваўся ў адным: мне нельга жаніцца, каб праклён памёр разам са мной, бо іншых галінаў роду не існавала.

Калі я наблізіўся да трыццацігадовага ўзросту, стары П’ер падаўся на той свет. Я сам пахаваў яго пад каменнем на дзядзінцы, дзе ён любіў гуляць, пакуль быў жывы. Мне засталося толькі думаць пра ўласны лёс – адзінаму жывому чалавеку ў вялізным замку. У поўнай самоце мой розум паціху пераставаў марна бунтаваць супраць наканаванага няшчасця і ўрэшце амаль пагадзіўся з лёсам, які напаткаў многіх маіх продкаў. Значную частку майго часу цяпер займала вывучэнне разбураных і закінутых залаў і вежаў старога замка, якіх у юнацтве страх вымушаў мяне пазбягаць, а ў некаторыя з іх, як сказаў мне аднойчы стары П’ер, больш за чатыры стагоддзі не ступала нага чалавека. Многае з таго, што я знайшоў, было дзіўным і страшным. На вочы траплялася мэбля, пакрытая