РуЛиб - онлайн библиотека > Жыбуль Віктар > Поэзия > Стапеліі > страница 3

Читаем онлайн «Стапеліі» 3 cтраница

дзве поўні ўночы,

небатвар заліваючы гарачым сокам.

А вы бачылі калі-небудзь вусны

чалавека, якому перакрылі дыханне?

Яны варушацца, быццам чырвоныя вусені

на зялёным лісце. Яны просяць кахання.

А вы бачылі калі-небудзь пяткі

чалавека, які хацеў заскочыць на неба,

але яго змылі ўніз моцныя ападкі?

Не бачылі?

І не трэба.

Не трэба.

1998

* * *

Таму, хто народжаны лётаць,

поўзаць не заўсёды дадзена.

Няхай жыве й квітнее балота

ды поўзаюць там розныя гáдзіны!

А паэтаў вабіць прастора.

Паэты бягуць за пегасамі.

Яны мараць, каб нехта іхнія творы

прачытаў і сказаў: “Не фіга сабе!”

Але часта замест летуценняў

у мазгах ціха боўтаецца рэчыва шэрае.

І здаецца тады, што натхненне –

гэта толькі расколіна ў чэрапе.

1998

ЛЕДАВІКОВЫ ПЕРЫЯД

Гэты бліскучы лёд не пабачыць ніхто,

адлюстраваннем яснага неба ў ім

аслеплены не будзе ніхто,

зачараваны не будзе ніхто,

здзіўлены не будзе ніхто.

Гэты маўклівы лёд не абліжа ніхто,

не ўкусіць ніхто,

не пацалуе ніхто,

ад яго на ангіну не захварэе ніхто,

ніхто,

ніхто.

Гэты цнатлівы лёд каньком не кране ніхто,

не пасыпле пяском ніхто,

лунку для ловаў рыбы ў ім

не прасвідруе ніхто,

не праламае ніхто.

Бо ўсе, хто б мог сузіраць яго,

палеглі пад гэтым ільдом.

Бо ўсе, хто хацеў бы праехаць па ім,

пахаваныя пад гэтым ільдом.

Яны цяпер глыбока-глыбока,

і лёд — гэта іх новы дом.

Зямля засталася пад таўшчэзным пластом,

зрабіўшыся ледзяным камяком.

Зямля ператварылася ў Сусветны Каток,

калі замарозіўся Сусветны Патоп.

1998

СЭНС

Чалавек паваліўся з ног.

У яго баліць галава.

Чалавек закапаўся ў стог,

не ў стане падлічыць 2+2.

Каб паслухаць людскіх дум унісон,

ён вухам прыпаў да зямлі...

І пабачыў дзівосны сон.

Не дасніў…

Там яго і знайшлі.

1998

МАНЕКЕН І ШКІЛЕТ

(ФЕТЫШЫСТАМ І НЕКРАФІЛАМ)

Манекен стаіць на вітрыне.

Ён апрануты нават улетку.

Манекен сам сябе не ўскрые.

Унутры манекена няма шкілета.

Манекен не можа распрануцца да костак

і даць каму-небудзь пагрызці

іх.

Быць манекенам так проста,

проста так.

Манекен спакойны, манекен не псіх.

А вось шкілет — ён заўсёды максімальна

аголены,

на апошнім імгненні застыглы стрыптыз.

Ён элегантны, хоць і непрацаздольны.

Шкілет

лепей разглядаць зверху ўніз.

1999

ЛЯМАНТ ЛЯЛЬКІ

Праз завесу зялёнай калькі

іншасвет праступае зіхотка.

Там стаіць фарфоравая лялька

з адбітаю насаглоткай.

Адбітыя нос, падбародак.

Адбітыя шчокі й язык.

І здаецца, што з гэтага стварэння

без перагародак

зараз вылеціць

выдзернуты з коранем крык.

Ён грымне, заглушаючы ўсе на свеце сірэны

і сто дваццаць узятых разам труб Ерыхона,

і аглухлыя людзі ператворацца ў манекены,

і ўсе цягнікі паляцяць пад адхоны…

Але ў лялькі была гаспадыня

(яна не любіла шпрыцы ды кропельніцы).

Яна паставіла ляльку на табурэткі вяршыню,

зрабіўшы з яе элеватар-попельніцу.

1999

ДРЫЖЫКІ

Ой, ды на курганках параскінуліся крыжы,

крыжы,

крыжы

(зблізу – крыжы, а здалёк – крыжыкі,

крыжыкі).

Ідзі, ідзі паўз іх і дрыжы, дрыжы, дрыжы,

дрыжы:

няхай, няхай цябе прабіраюць дрыжыкі,

дрыжыкі,

дрыжыкі, дрыжыкі…

Ты пачуеш, пачуеш з раскапаных магіл

галасы,

галасы, галасы, галасы.

Яны запяюць сваю журботную песню,

песню, песню, песню.

Зашумяць, загудуць, заспружыняцца твае

валасы,

валасы, валасы, валасы.

Ты спынішся, спынішся на сцяжынцы

й ад жаху

змерзнеш, змерзнеш.

Зляціць, зляціць з галінкі таполі сухі

лісток,

лісток, лісток, лісток

і лагодна-лагодна табе на галаву ляжа-

ляжа.

Прарасце, прарасце праз яго кожнага

нерва твайго

расток, расток.

І чэзлы-чэзлы кволенькі лісток цябе

раздушыць

і распляжыць, распляжыць, распляжыць.

1998

ПОМАРАКА

Душа паныла

гіенай стогне.

У кракадзіла

сляза не сохне.

Хто мае горла –

таго задушаць.

Глухая прорва

твой плач асушыць.

Твой смех патоне

ў дарожным пыле.

Спазнай улонне

салодкай гнілі.

Адчуй бяссонне

ў сваёй магіле.

Адчуй бяздонне

ў сваёй магіле.

2002

АСІНАВЫ КОЛ

Цемра, цемра вакол і бясконцыя нетры,

нетры.

Паміж рэбраў асінавы кол, не хапае

паветра.

Недзе музыка грае раскатам далёка там,

за дымавой заслонай.

Адчуваеш сябе экспанатам, навокал якога

зашклёна-замглёна.

Пад сваіх галасоў хаатычна-хаўтурна-

ўнутраных спеў элегічны

за сцяной засынаюць сам-насам

самнамбулы сном летаргічным.

Морак, морак вакол і бясконцыя нары,

нары,

і нашыя думкі, і дзеі, і мары па чужым

праплываюць сцэнары.

З таямнічаю вадкасцю пляшка планы

распляжыць прыкра.

Пераважыць бязважкасць цяжка, як цяжка

бывае, напрыклад,

не думаць, што жыццё пачынаецца

з эўтаназіі,

разлічваць траекторыю палёту фантазіі,

упісвацца ў прастору паміж