РуЛиб - онлайн библиотека > Караткевіч Уладзімір > Историческая проза > Кніга першая. Выйсце крыніц > страница 5

Читаем онлайн «Кніга першая. Выйсце крыніц» 5 cтраница

бiць i першым з iм бiцца не лезцi.

— Правiльна, — сказаў дзед.

Яня лашчылася да старога галоўкай. Юрась сядзеў натапыраны, як галчаня, i суровы: вiдаць, абдумваў нешта. Потым сказаў:

— Я нешта не чуў, дзеда, каб яго нам за грошы аддалi, Сёння Павал казаў пра нейкае "пакормнае" i "дзядзькавое"… Гата што? I чаму гэта толькi ў нас ды ў Маеўшчыне пакормнiкi ёсць?

Дзед перабiраў шурпатымi пальцамі валосiкi ўнучкi, аж чуваць было, як яны чаплялiся за далонi. Сумна ўсмiхнуўся:

— Зводзiцца стары звычай, Юрак. Калісь па ўсiм Прыдняпроўi i далей гэта як звыклае было. Я помню, да французаў яшчэ, мала хто з паноў, праваслаўных асаблiва, не рабiў гэтага… А цяпер усе радзей i радзей…

— А нашто гэга? — спытаў Юрась.

Дзед гаварыў з iм, як з дарослым, i малому гэта, вiдаць, падабалася, бо слухаў, вушы развесiўшы.

— Каб ведалі, як даецца зямля, — сказаў дзед, — каб не збэсцiлiся на сабаку. Аддавалi, бывала, як толькi чатыры гады дзіцяцi. Хто на тры, а хто і на пяць год. I зусiм не дапамагалi халопскай сям'і. А потым, калі возьмуць хлопца зноў у двор — даюць мужыку пакормнае, за тое, што хлопец з'еў, i дзядзькавое, бо ўсе мы як быццам дзядзькi малому, выхоўвалi яго, розуму вучылi.

— Пойдзе ад нас Алесь, — па-даросламу ўздыхнуў Юрка. — Які яшчэ ён потым будзе?

— Пэўна, усё ж лепшы за iншых, — сказаў дзед. — Чуў, як саха зямлю скрабе. Каб не забыў толькi. З бацькам і дзедам яго нам, можна сказаць, пашанцавала. Акім, прадзед ягоны, таксама нiчагоўскi быў. Можа, i яблычка па яблынi. Можа, i не забудзе вас i мяне… Бо, крый божа, калі будзе, як суседскi Кроер…

— Калі яго забяруць? — спытаў Юрась.

— Заўтра. Заўтра яго забяруць, — сказаў дзед. — Толькi маўчыце, дзеткi. А зараз бяжы, Юрка, прынясi лiру.

Калi Павал i Алесь вярнулiся да прызбы, дзед сядзеў ужо з пацьмянелай, залапанай лiрай на каленях. Павольна, быццам спрабуючы, пакручваў ручку, слухаў чмялiнае гудзенне струн. Курта глядзела на яго i цяжка дыхала.

— Во, — сказаў дзед Паўлюку, якi ўжо сеў на траву, — не любяць яны, чэрцi брахучыя, нашыйнiка… як чалавек… Быў у мяне сабака, нiколi на сворку не iшоў. А тут у мяне скула на шыi села. Жонка-нябожчыца падзерла старую сарочку, закруцiла мне шыю. Дык сабака пабачыў, завiскатаў, кiнуўся скакаць, за горла хапае. Думаў: у гаспадара нашыйнiк. — Уздыхнуў: — Ну то добра, сядайце. Паслухайце, пакуль нашы не вернуцца. Песня пра жарабя святога Мiколы… Толькi вось што, Алесь, калi ты ў Загоршчыне пачнеш расказваць, якiя тут песнi спяваюць…

Алесь пачырванеў:

— Доўга вы тут мяне крыўдзiць будзеце? То адзiн, то другi. Я не горш за вас, калi трэба, маўчаць умею… Перад кiм мне там языкацца?

Дзед уважлiва глядзеў на яго, быццам усё яшчэ вагаючыся.

— Глядзi, сыне. Песня таемная. Не пры ўсiх нават сваiх можна… Але ўсё адно. Я ўжо чалавек стары. Выслухай маю апошнюю навуку…

Дзед павольна павёў ручкай, потым раптоўна i рэзка крутнуў яе. Высокiм енкам заплакалі струны, быццам залямантаваў нехта ў роспачы.

Хлопцы сядзелi ля яго ног, Юрась i Янька ляжалi з двух бакоў, грэлi жыватамi прызбу, але стары Кагут нiкога ўжо не заўважаў. Зусiм цiха пачаў гучаць старэчы i таму слабаваты, але надзiва чысты голас:

Над зямлёю Дняпроўскай i Сожскай
Праляталi янгалы смерцi.
Дзе лятуць — там вымерла вёска,
Дзе прыселi — там горад вымер,
Там жыццё папам i далакопам.
У Янькi шырока акруглiлiся вочы.

Так нарэшце край абязлюдзеў,
Што i янгалам страшна стала:
"Чым пражыць, як памрэ апошнi?"
І галоўны сказаў: "Хопiць лётаць,
Трэба нам на зямлi пасялiцца".
Збудавалi яны палацы,
Збудавалi муры з каменняў,
Увесь Дняпро мiж сабой падзялiлi,
Ўсiх людзей ад краю да краю…
Дзед змоўк на хвiлiну, быццам прапусцiўшы некалькi асаблiва хвосткiх радкоў, але струны скардзiлiся, можа, нават не менш выразна за словы…

…Збудавалi цэрквы i касцёлы,
Па малiтву ладанам кураць,
Задымiлi, як лазню, неба.
Твар старога стаў паважным, амаль велiчным.

Бог гадамi сядзеў i нюхаў,
А пасля сказаў сабе Юр'ю:
"Многа дыму да нас далятае,
Вельмi мала шчырай малiтвы.
Твой народ па Дняпры i далей.
Што рабiць з тваiм удзелам, Юры?"
I сказаў яму Юры-пераможца:
"Ты пашлi на зямлю Мiколу.
Ён з сялян, ён добра рассудзiць".
Грозна бог свае бровы нахмурыў:
"Добра ведаю я людзей вясковых,
Вечна яны скардзяцца, ныюць,
Хiтрасцю ж аплятуць i чорта.
Я пашлю з Мiколам Касьяна.
Ён з паноў, ён другое заўважыць".
Цiха Юры адказвае богу:
"Знаецца Касьян з нячыстай сiлай,
Сэрца злоснае ў твайго Касьяна".
Дзед перастаў граць. Толькi голас, засмучаны і журботны, вельмi цiха вёў песню.