Читаем онлайн «Бондар» 2 cтраница
нюхае жалеза, прыцмоквае губамі, ківае галавой і нешта мармыча сабе пад нос.
Аўдоцця мяняе лучыну за лучынай, абшароўвае, абламвае вуголлі і ўсімі сіламі стараецца трымаць «вечны агонь» у адной меры. Яна сапе, уздыхае, кашляе. Дым лезе ў вочы, у горла, але яна маўчыць. Яна захоплена жаданнямі Данілы. Пры сваім нецікавым абавязку яна пазірае на мужа і дзівіцца на «залатыя рукі».
Цуд пачынаецца.
Бондар вострыць інструменты. На першы погляд здаецца, што гэта рэч вельмі простая і звычайная. Але так здаецца людзям, якія нічога цікавага ведаць не хочуць. Шліфоўка інструментаў — рэч і не простая і не звычайная. Трэба ведаць, які брусок — ці цвёрды, ці мяккі, ці гладкі, ці крупчаты — падходзіць да кожнага начыння. Трэба ведаць, як трымаць брусок, колькі разоў і як плюнуць на яго. Трэба цяміць, як шараваць — ці наўскос, ці проста, ці памалу, ці хутка, ці моцна прыціскаць, ці памаленьку, каб было акурат у меру. Кожнае начынне мае свае капрызы, свае вымаганні, якія майстар павінен памятаць, як свае пяць пальцаў. Потым глянец — з глянцам пачынаецца новая, цікавая гісторыя. Крывавым потам плаціць бондар за гэтую гісторыю. Ён патрабуе, каб інструмент блішчэў і пераліваўся ў розныя колеры, як люстэрка, як празрыстая вада. І ён наводзіць глянец. Потым кладзе свае інструменты ў рад на варштат. Бярэцца ўбокі і дзівіцца на іх, як на любых дзяцей. Адыходзіць. Глядзіць здалёк. Расшырыць вочы. Сажмурыць. Зноў падыходзіць. Хіліцца над інструментамі, нібы хоча іх цалаваць. Пачынае на іх дзьмухаць, хукаць. Блеск на сталі атуляецца слоем сівога туману. Потым туман патроху пачынае сыходзіць, напамінае колер перламутра і хутка знікае. І зноў інструменты блішчаць, як неба ў яркі дзень.
Даніла здаволены.
У яго рабоце ёсць вялікі вопыт. Вопыт набываецца доўгімі гадамі, рупнасцю, цярплівасцю, трываласцю і замілаваннем да сваёй працы.
Не толькі Даніла, але і Аўдоцця гэта разумее вельмі добра. І яна не даецца дзіву, што муж возіцца некалькі гадзін са шліфоўкай інструментаў.
А як жа іначай!
Пры гэтым муха не павінна гудзець, мыш не павінна скрабці, ды, наогул, ніхто з жывых істот не мае права перашкаджаць майстру.
Строгі закон Данілы добра ведае Аўдоцця. За ўсё жыццё яна вышкалілася. Ёй здаецца, што нават вецер цішэе ў той час, як Даніла майструе, дрэвы на гародзе не шумяць і птушкі не пяюць. Аўдоцця не дзівіцца. Іначай быць не можа. У мужа — вялікая сіла.
