РуЛиб - онлайн библиотека > Барадулін Рыгор > Поэзия > Босая зорка > страница 3

Читаем онлайн «Босая зорка» 3 cтраница

Пан Хрыстос.

ТОЛЬКІ...


Босая сцежка да храма
Ногі грахамі мые.
Родная толькі мама.
Родные ўсе —
Чужыя!

НЯМА КАЛІ


Няма калі Богу хварэць —
Адзін на такую гасподу.
Бадай аратай-гаспадар
Яго зразумее дагоду.
Няма калі Богу старэць,
Бо чорт маладзее з гадамі.
Світанак — ахвярны святар
Разбудзіць ды паспагадае.
Няма калі дбаць пра сябе
Ды выгадаць нешта ў дзяльбе —
Абы перапала тварыне
Жывое Яго мілаты.
Хай Богу хоць сон залаты
Прысніцца ў нябеснай адрыне...

IN MEMORIA


Над Беларуссю
Сонца марудна ўстае.
I спяшаецца за навалай навала.
Адам Міцкевіч паліць
Беларускія вершы свае,
Каб напісаў ix Янка Купала...

ПАЎТАРАЦЬМЕ...


— Не хачу рыбыніча разуваці!
Голас крывічанкі
З надвячорка стагоддзяў
Чуецца i ў новае нашай хаце,
У якую таксама
Прышэлец заходзіў
Не раз
I, як заход,
Непрыкметна гас.
Гэтак ужо задуманы свет:
Каму палацы,
Каму палаці.
Беларусь паўтарацьме
За Рагнедаю ўслед:
— Не хачу рабыніча разуваці!..

МАЦІ Й ХЛЕБ


Вада з балота можа стаць святой.
Растуць спакойна дрэвы на іконы.
I пацалунак безграхоўны той,
Якім цалуем маці й хлеб надзённы.

НА СЁМУХУ


На Сёмуху мама на свет прыйшла,
На угодную Богу Тройцу.
Свет даў у пасаг
Маме локаць святла
I лес падшукаў закройцу.
Закройца глянуў:
Дый на хвартух
Пасагу ўсяго не хапае.
З-пад шустрых нажніцаў
Ластавак-шчабятух
Хусцінка выйшла скупая.
Хусцінка, выкраеная са святла,
I грэла й свяціла ў змроку.
Да Сёмухі з ёй гаспадыня пайшла,
Каб выцерці вочы прароку...

ПЕРАД АПОШНІМ


Ты жывеш,
Пакуль шалёным птахам
У тваёй душы
На ўсё размашша
Б'ецца страх
Перад апошнім страхам,
За якім, відаць,
Адно бястрашша...

СВЯТАСЦЬ


Здаецца падчас, што й паганскіх багоў
Як першапраходцаў, як чорнарабочых
Госпад паслаў да зямных берагоў,
Да працы зусім незямное ахвочых.
Яны пабылі — дрэвы ды камяні,
Вятры з перунамі — багамі.
І слову служылі, й глухой цішыні,
І першае святасці дапамагалі.
Ад дрэў радаводу багоў нават пні
Сякера веры секла з размаху.
Але дагэтуль ix карані
Варушацца ў цемры нашага страху...

ЦІШЫНЯ


І Бог задумаўся ў цішыні,
Схаваўшы за пазухай неспакой.
I неба ад зямной мітусні
Засланіла яго вышынёй...

ШТО ЁСЦЬ...


Народ, як лёд, —
То растае.
То з халадамі нарастае.
І галасы журбы свае
Пакінуць хоча на расстанне.
Гісторыя, як азярод,
Дзе ветрацца снапы стагоддзяў.
І зерне падае на урод
Ці на няўрод
У рот страхоццяў.
Капае кожны свой гарод.
Дужэйшая за сілу стома.
Ды што такое ёсць народ,
Напэўна, й Богу невядома...

АДВОДЗІЦЬ...


Агню
Свайго першага дыму шкада.
Сябе даганяе сцяжына блукання.
Душа беларуская —
Вечная каня,
Якая адводзіць бяду ад гнязда...

ПАШТОЎКА


Будуць часам ідалы раструшчаны.
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў!
19 чэрвеня 1999

НА СХІЛЕ


Як мне, малому, хацелася ў свет!
Як мне хацелася вырвацца з хаты.
Я задзіраў галаву, каб хвастаты
Бачыць хоць след
Незнаёмых камет.
Бачыў святло я, ды не разумеў,
Што пакідаюць неба каметы,
Не даляцеўшы да пэўнае мэты.
Што іх дапальвае,
Ласка ці гнеў?
Хутка і я ўжо гады дапалю,
Не падступіўшыся да небакраю.
I галаву сваю не задзіраю,
Болей хілю,
Каб запомніць