РуЛиб - онлайн библиотека > Юрага Лаўрэн > Историческое фэнтези > Меч Маладзіковага Промня > страница 5

Читаем онлайн «Меч Маладзіковага Промня» 5 cтраница

моцным чараваннем або абярэгам, які хавае яго ад майго таемнага пагляду. Лепей пашлі кнехтаў агледзець замак — ці не заўважаць яны нечага незвычайнага.

Гатард выглядаў раз'ятраным: ягоныя вочы палымнелі агнём, а напышлівая ўсмешка саступіла месца выразу нястрымнага гневу — мусіць, ён не цярпеў нічыіх парадаў. Маг жа, наадварот, глядзеў пагодна і нібы не заўважаў валадаровага шалу. Але ўрэшце князь адолеў злосць. Ён згодна кіўнуў галавой, прымаючы параду, і паклікаў падысці магутнага рыцара з ваяводскай адзнакай на плашчы. Выслухаўшы загад, той пераказаў яго афіцэрам меншага рангу, якія ўмомант зніклі за параднымі дзвярыма. Неўзабаве зала пачала напаўняцца кнехтамі, якія пасля разыходзіліся праз усе іншыя ўваходы па замкавых анфіладах. Двум жа са сваіх прыбочных ахоўнікаў-магутаў Гатард паказаў на дзверы, за якімі хаваўся я:

— Ідзіце ў Залу Чараў і прынясіце мне магічны меч! Ваявода, дай ім сыгнет, каб зняць пячаткузакляцце з уваходу!

Пра такую ўдачу можна было толькі марыць! Мала таго, што я цяпер ведаў напрамак, дык яшчэ і быў побач! Я хутка ўзляцеў з дзвярэй і павіс уніз галавой, зачапіўшыся кіпцюрамі за каменны карніз пад самай столлю — у быцці кажаном ёсць свае выгоды. Цяжкія створкі разнасцежыліся, і воі прайшлі проста пада мною, нават і не падумаўшы ўзняць галаву ды зірнуць наверх. Іхні цяжкі поступ з бразгатам даспехаў гулкім рэхам адбіваўся ад каменных сценаў.

Быў ужо час вяртацца ў сваё сапраўднае аблічча. Калі дужыя постаці рыцараў зніклі за рогам калідора, я зляцеў уніз і, звярнуўшыся ў малітве да духаў, папрасіў ізноў зрабіць мяне чалавекам. I ў тую ж хвіліну я пачаў расці...


VI


Мякка ступаючы па халодных каменных плітах, я пачаў красціся ўслед за воямі. Яны нейкі час ішлі знаёмай мне галерэяй, ажно раптам калідор скончыўся і глухі мур перагарадзіў дарогу. Тады той, што стаяў справа, тройчы стукнуў жалезным дзяржальнам па акруглым гладкім камені, які крыху выдаваўся з кладкі проста насупраць яго. Я не даў веры сваім вачам: незварушны, здавалася, мур раптам лёгка папоўз угару, адкрываючы змрочнае чэрава сутарэння. Латнікі ступілі ў цемру: спярша адзін — папярэдне дастаўшы з жалезнага гнязда на сцяне палымяную паходню, — за ім другі. Мур зноў апусціўся на сваё заўсёднае месца.

Я вырашыў далей не ісці, разважыўшы, што ахоўнікі і так будуць вяртацца тым самым шляхам, а мне самому сунуцца ў месца, дзе пануюць чары, патрэбы няма. Здавалася, больш сэнсу было ў тым, каб дачакацца рыцараў тут ды, па магчымасці, аснадзіцца нейкай зброяй. Дзеля гэтага я ўважліва агледзеў прылеглыя пакоі i пераходы, аднак нічога прыдатнага не знайшоў — паўсюдна пашыраны звычай развешваць шчыты ды мячы па сценах у якасці аздобы замка тут поспехам не карыстаўся. Спроба расхістаць і выняць са сцяны які больш-менш вялікі камень таксама выніку не дасягнула — вапнавы рашчын трымаў на подзіў моцна, i я абадраў пальцы, але здабыў адно толькі невялікі кавалачак граніту. Зрэшты, у маіх варунках i тое прыдасца — пры пэўнай кемлівасці мож­на ўжыць з карысцю для сябе найменшую драбностку.

Акурат у гэты час з боку вялікае залы даляцела рэха крокаў і водгукі галасоў, — мусіць, кнехты, пасланыя на мае росшукі, ужо дапялі і да гэтага калідора. Я паспяшаўся схавацца за цяжкай аксамітнай заслонай пры ўваходзе ў пакой і знерухомеў, сцішыўшы дыханне. Праз нейкі час галасы наблізіліся ўжо настолькі, што я лёгка мог чуць, пра што яны гавораць. Кнехты, падобна, былі зануджаныя доўгім вартаваннем ды безвыніковымі вышукамі і не надта шчыравалі. Лена перагаворваючыся, яны прайшлі паўз мяне ў пакой і назад, нават не падумаўшы адхінуць заслону. Мяркуючы па кроках, іх было трое ці, самае вялікае, чацвёра. Мяне гэта цалкам задавальняла: значна лягчэй даць сабе рады з некалькімі, больш звыклымі трымаць келіх, чым меч, жаўнерамі, і завалодаць іхняй зброяй, чым адразу атакаваць з голымі рукамі тых двух пасланых па Меч рыцараў, якія, несумненна, з'яўляюцца спрактыкаванымі і дасведчанымі воямі.

Пакуль кнехты нетаропка правалюхаліся да канца калідора, аглядаючы рэшту пакояў, я выцягнуў з заслоны віты шнур, што прыгожа аблямоўваў ейны край. Потым, нячутна ступаючы, падышоў да цяжкай тканай шпалеры на процілеглай сцяне і прывязаў да ейнага ніжняга кута адзін канец шнура; другі ж канец, дбайна хаваючы яго ў варсістым дыване, працягнуў да таго месца, дзе перад тым хаваўся. У паўцемры шнур быў зусім незаўважны. Задаволены зробленым, я асцярожна праслізнуў назад за заслону і зноў затаіўся.

Доўга чакаць не давялося — даляцелыя неўзабаве тупат, бразгат ды грубы смех далі зразумець, што кнехты вяртаюцца. Датрываўшы, пакуль гэтыя гукі не пачалі зноў аддаляцца (гэта сведчыла, што жаўнеры ўжо прамінулі разнасцежаныя дзверы ў мой пакой і накіраваліся далей), я высунуўся з-за заслоны і шпурнуў выкалупаны са сцяны кавалачак граніту ў дзвярны прахон. Каменьчык трапіў у вялізную мосяжную